Yellowcard: “Spasibo! Vodka! Belarus!” (відэа)

130204_kotka_yellow.mp3

Поп-панкі Yellowcard 52 гадзіны ляцяць з ЗША ў Беларусь. Аварыйная пасадка яшчэ ў Штатах збівае ўвесь графік, музыкі прылятаюць на дзень пазней, чым планавалі, стомленыя, не пасапяваюць нават прыняць душ і напрамую едуць у клуб Re:Public. Па плане – першае шоў у Беларусі, першае з іх усходне-славянскага туру.

Музыкі настолькі стомленыя, што пасля саудчэку гітарыст спіць наўпрост пад сталом у грымёрцы. Але амерыканскі прафесіяналізм творыць цуд. “Жоўтыя карткі” паказваюцца на сцэне і рвуць гучным акордам клуб.

Калі шчыра, музыкі не асабліва ведаюць, куды прыляцелі. Сюрпрызам аказваецца нават тое, што Беларусь і ЗША зараз не ў самых лепшых адносінах на афіцыйным узроўні.

“Па канцэрце, які мы тут адыгралі, нічога падобнага не было відаць! – кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё лідар гурта Райн Кей (Ryan Key) – Шоў было вельмі, вельмі крутое. І мне вельмі падабаецца, што тое, што адбываецца ў палітыцы паміж нашымі краінамі, не ўплывае на думкі нашых фанаў”.

А фаны ў Yellowcard – гарачая маладосць! Скокаюць, слэмяцца, і, што нечакана – ведаюць, што падпяваць.

“Заўсёды прыемна, калі няма нязручнасці перад артыстам, кшталту ён хоча, каб людзі падпелі, а ўсе маўчаць. Мне здаецца, музыкам было вельмі прыемна – каментуе арганізатар Іван з агенства “Рок-Он”хаця магчыма ўсе фразы, якія казалі музыкі са сцэны “вы такія-растакія, лепшыя, шкадуем, што сюды ніколі не ездзілі” усё ж стандартныя і завучаныя”.

У інтэвр’ю вакаліст Райн таксама паўтарае “завучаныя” фразы, але са шчырымі вачыма, немагчыма не паверыць: “Была сапраўды асаблівая атмасфера. Энэргія вельмі высокая, я нават не казаў людзям, што трэба рабіць. Мы проста ўзрываліся з той самай секунды, як пачалі граць”.



Гралі, дарэчы, усё, што натварылі за 16 год свайго існавання, і таксама песні з новага альбому "Southern Air". Праўда, для непадрыхтаванага вуха ўвесь рэпертуар Yellowcard крыху падобны і зліваецца ў адну вялікую бадзёрую кампазіцыю. Але вуха падрыхтаванае розніцу чуе:

– Гралі не ўсе ўлюбёныя песні, але напрыканцы ўдарылі па-поўнай. Ocean Avenue!!!


– I hear the Night, ці як там... Sourvenirs! Yes! І ўвогуле ўжывую яны больш дынамічныя і вясёлыя. Я ўвогуле сумнявалася, ісці ці не, бо поп-панк... Але жыўцом гэта быў поўны раскаўбас. І мая сяброўка, якая не прыйшла – ха-ха-ха-ха – шмат страціла.



– Тое што тут было – гэта не поп-панк, гэта хардкор! Такая таўканіна была, такі слэм! Я ўвесь мокры. Застаецца толькі фірмовую майку гурта пайсці набыць за 200 тысячаў, каб пераапрануцца і не захварэць” – кажа хлопец Антон. Але майку не набывае. Замест гэтага ідзе ў мокрай дадому – чакаць наступнага добрага канцэрта.

Вакаліст YC Райн заручаны з рускай сноўбардысткай і плануе жыць на две краіны, а, значыць, і ў суседні Мінск зможа прыязжаць часцей. А як не – агенцтва “Рок Он” у красавіку прывязе яшчэ адных амекарыканцаў, але ўжо пацяжэй – металістаў Ill Niño.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі