З-за чаго біліся на рынку “Ждановічы”? Версіі цыганоў і азербайджанцаў

Масавая бойка каля рынка “Лябяжы”, які ўваходзіць у структуру гандлёвага цэнтра “Ждановічы”, выклікала хвалю абмеркаванняў і версій.

Міліцыя практычна не паведамляе падрабязнасцяў інцыдэнту і не дае інфармацыю, хто з кім біўся і хто ў каго страляў.

Звязваемся з гандляром азербайджанскага паходжання Тэнгізам, які прадае падтрыманыя машыны на аўтарынку па суседстве з “Лябяжым”. Тэнгіз толькі што абмеркаваў здарэнне са сваім дзядзькам.

Тэнгіз: “Каля рынка “Лябяжы” цыганы з Расіі прадаюць мабільнікі. Туды прыехалі маладыя пацаны, цыганы, пяць чалавек. Яны адбілі кліента ў іншых цыганоў, якія ўжо даўно прадаюць там тэлефоны. Распачалася патасоўка. Адзін з цыганоў выхапіў траўматычны пісталет, які выглядаў, як “ТТ”. Некалькіх параніў. Яму там таксама ўлупілі. Потым усіх разагналі, некаторых забралі ў міліцыю. Там былі, кажуць, і славяне, можа быць, і азербайджацы, але нікога з нашых знаёмых. У нядзелю на аўтарынку працавалі ўсе знаёмыя азербайджанцы, але не было ніводнага цыгана”.

Прыкладна такой жа версіі прытрымліваецца беларус Максім, які ў суботу за некалькі хвілін да страляніны прыехаў на паркоўку да “Лябяжага”.

Максім: “Прыехаў на рынак, адышоў ад сваёй машыны, і пачалася страляніна. Было не да смеху. Наколкі я зразумеў, яны не падзялілі тэрыторыю, на якой можна ці нельга працаваць”.

Аўтарытэтны мінскі цыган Лаўрэнцій Александровіч не ведаў дасціпных падрабязнасцяў інцыдэнту, калі мы ў яго пра гэта спыталіся. Але стэлефанаваўся са сваімі крыніцамі і выклаў нам уласнае бачанне інцыдэнту:

Лаўрэнцій Александровіч: “Гэта грамадзяне Расіі, гэта не нашы мінскія цыганы. У іх бізнэс разам з каўказцамі. Купляюць у азербайджанцаў мабільнікі, а потым перапрадаюць. Усё здарылася з-за тэлефонаў. Дамовіліся зрабіць закупку за адну суму, а атрымалася, што ім прапанавалі за абсалютна іншую лічбу. Вось з-за гэтага ў іх здарыўся там канфлікт. Калі б міліцыя і АМАП усё гэта не ўладзілі, пацярпела б шмат людзей, якія ў гэтым удзелу не бралі”.


Па словах Лаўрэнція Александровіча, цыганы з Расіі гандлююць на Ждановічах ужо працяглы час. І беларускія цыганы іх недалюбліваюць. 

Лаўрэнцій Александровіч: “Я лічу, што даўно трэба навесці парадак на рынку “Ждановічы”. Таму што там, калі сказаць шчыра, там сапраўднае бяспраўе. Мы ўсе павінны прытрымлівацца нашых беларускіх законаў. Каб падчас продажу былі касавыя апараты, каб усё было цывілізавана, як у Еўропе, напрыклад”.

Па інфармацыі ад праваахоўнікаў некаторыя ўдзельнікі інцыдэнту ― жыхары паўднёвых рэгіёнаў Расіі. Усяго міліцыя затрымала 43-х чалавек, чые асобы пакуль не ўдакладняюцца.

З траўматычнага пісталета па папярэдняй інфармацыі страляў цыган, у дачыненні да якога ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле "Злоснае хуліганства".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі