За нескарыстаны квіток на “Крамбамбулю” ўзнікнуць праблемы з “шэнгенам”?

130226_malina_bilety.mp3

Квіткі на фэст Razmarozka, які адбудзецца ў Вільні 2-3 сакавіка, скончыліся яшчэ на пачатку лютага. Тады ж у сацсетках пачалі з’яўляцца абвесткі з прапановамі білетаў на фэст, але… Ужо без візавай падтрымкі! Атрымаўшы “шэнген” пры дапамозе арганізатараў “Размарозкі”, людзі вырашылі паехаць у ЕС па сваіх справах. А двухдзённы канцэрт беларусаў PortMone, “Крамбамбулі” і літоўца Саўлюса Пятрэйкіса ўвогуле абмінуць.

“У чарзе па візы было добра зразумела, што некаторыя едуць проста затаварыцца. Яны абмяркоўваюць нядаўнюю паспяховую паездку ў Польшчу, у якую краму паедуць гэтым разам, — узгадвае аматар “КрамбамбуліІгар, які таксама атрымаў у літоўскай амбасадзе бясплатную візу разам з квітком на фэст. — Яны нават смяюцца адно з аднаго. “А ты хоць ведаеш, на каго едзем?” — “Так, я ўчора дачку папрасіла, яна мне паставіла!” Вось калі б выступаў які Саладуха, дык абавязкова схадзілі б… Карацей, па размовах было ясна, што іх канцэрт не цікавіць. Маладыя людзі, бачна, едуць і на канцэрт у тым ліку, але хапае людзей, якім паралельна”.

Ігар моцна абураецца на такіх халяўшчыкаў, бо паспеў набыць квіток толькі на другі дзень фэсту. А на першы — на ўлюбёную “Крамбамбулю” — не трапляе. Але хлопец не губляе надзеі і спадзяецца набыць квіток на месцы: у касе клуба ці перад уваходам.


Тым часам у сацсетках з’явілася цэлая група, дзе прапануюць квіткі на канцэрт “Крамбамбулі”, больш не патрэбныя пасля паходу за візай. Ёсць і прапановы кшталту: “Дапамагу тым, хто набываў квіткі толькі дзеля візы: схаджу на канцэрт і адзначу квіток за вас, каб у вас не было праблем з атрыманнем наступнага шэнгена”.

“Умоўна кажучы, набыццё квітка з’яўляецца афертай [прапанова адной асобы іншай заключыць дамову на пэўных умовах — заўв. Еўрарадыё], — тлумачыць юрыдычны бок пытання Уладзімір Шаблінскі. — Таму, калі чалавек не наведвае мерапрыемства, і больш за тое — выязджае ў іншую краіну ЕС па бясплатнай візе атрыманай менавіта пад канцэрт (то бок парушае мэтавае карыстанне візы), безумоўна, ён, як мінімум, атрымлівае запіс у асабістую справу. Скажу, што на канцэрт трапіць трэба! Натуральна, што спадарожна могуць быць наведванні розных гандлёвых цэнтраў і г.д., але вы усё ж на канцэрт едзеце!”

Як у ЕС даведаюцца, што вы ўсё ж не дайшлі да канцэрта — Шаблінскі пакідае гэта ў сакрэце і раіць на мяжы абавязкова мець квіткі на руках. Калі памежнікі спытаюць, пад якое мерапрыемства вы атрымалі “культурную” візу, варта мець адказ з доказам. А калі квітка няма, на мяжы яны маюць права вас развярнуць, а візу ануляваць.


Летась “Крамбамбуляужо ладзіла канцэрт у Вільні. Тады таксама было нямала людзей, якія спрабавалі тусануць у Еўропе на халяву. І дырэктар гурта Ганна Вольская зладзіла ў амбасадзе невялічкія тэставанні: пыталася пра ўлюбёныя песні, імя вакаліста гурта… Цяпер такія апытанні таксама праводзіліся. Але, па словах Уладзіміра Шаблінскага, часам гэта нават было непатрэбна:


“Прыйшлі тры прадстаўнікі паўночна-каўказскага рэгіёну і кажуць: мы жадаем паехаць у Клайпеду!” Натуральна, квіткі мы ім не прадаём, нават, калі ў іх беларускія пашпарты”.


На сёння ў беларусаў застаецца адзіны шанец трапіць на фэст Razmarozka — прыдбаць праходкі непасрэдна перад канцэртам. Ці, калі віза ёсць, набыць адзін з такіх “недаскарыстаных” квіткоў.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі