ДАІ бярэ ў "закладнікі" машыны штрафнікоў

Гродзенскае ДАІ стала браць у закладнікі аўтамабілі парушальнікаў, затрыманых за алкаголь, пакуль тыя не заплацяць: "Выдаем толькі пасля таго, як чалавек панясе заслужанае пакаранне. А гэта пазбаўленне правоў і пакуль не аплаціць штраф".


Еўрарадыё цікавіцца ў гродзенскім ДАІ, якая пастанова рэгулюе працэдуру. Спачатку нам абяцаюць даведацца, але перастаюць адказваць на тэлефанаванні.


Гэта дзіўна, таму што ў Мінску машыну кіроўцы, аштрафаванага за п'янку, аддадуць хоць на наступны дзень. Але пры гэтым не аддадуць аўто, аштрафаванае за... паркоўку.

"Калі гэта няправільная паркоўка, то пячатку не паставяць, пакуль не будзе аплачаны штраф. Калі прывозяць п'янага, то можна забіраць хоць на наступны дзень. Таму што разбіральніцтва можа ісці тыдзень", — распавядаюць Еўрарадыё на штрафстаянцы, што на вуліцы Аэрадромная ў Мінску.

Машыну Кацярыны адвезлі на штрафстаянку ў суботу ўвечары, за няправільную паркоўку. Аддаць аўто па першым патрабаванні адмовіліся, бо спачатку трэба паставіць пячатку ў ДАІ.


"ДАІ ў нядзелю не працавала. Давялося ехаць туды ў панядзелак а 9-й раніцы. Але кабінет, які выдае паперку, працуе толькі з 4 вечара. Нам напісалі паперу, каб аплаціць штраф і забраць машыну, а таксама дапісалі: без аплаты за штрафстаянку машыну не аддаваць".

 

Машыну са стаянкі атрымалася забраць у панядзелак увечары. Двое сутак аўто прастаяла на штрафстаянцы прыватнага прадпрыемства "Леанард-Сіці", якое выставіла за гэта рахунак: 250 тысяч — за эвакуацыю і 60 тысяч — за кожныя суткі. Агулам заплаціць за паслугі прыватнаму прадпрыемству давялося 370 тысяч! А штраф за няправільную паркоўку дзяржаве — толькі 35 тысяч рублёў.


Згодна з законам, парушальнік павінен аплаціць выдаткі на эвакуацыю і на захоўванне машыны. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Саўміна за нумарам 666, якой кіруюцца штрафстаянкі. А па факце выходзіць, што кошт штрафстаянкі ў 10 разоў вышэйшы за звычайную платную паркоўку. Непараўнальна: 5 тысяч — суткі на платнай стаянцы і 60 тысяч — на штрафстаянцы!


"За дзень нам прывозяць па 3-5 машын. За 5 лютага прывезлі дзесяць машын, але гэта шмат. 30 студзеня тры машыны было. 1 лютага таксама тры", — паказваюць даволі даўгі спіс на штрафстаянцы "Леанард-Сіці".


Машын шмат, некалькі дзясяткаў, і ўсё штрафнікі. З кожнага бяруць 250 тысяч за эвакуатар і 60 тысяч за суткі.


"Ёсць два тарыфы, — распавядае аўтааматар з Наваполацка Ігар Забароўскі. — Пастановай Мінфіна зацверджаныя тарыфы на паслугі, якія аказвае МУС. Там ёсць паслугі эвакуацыі, захоўванне на штрафстаянцы. Гэтыя тарыфы — толькі для стаянак, якія належаць МУС. На справе ўсё інакш, асабіста ў сваім рэгіёне я не ведаю ніводнай стаянкі, якая належыць МУС".


Таму ДАІ заключае дамову з прыватнікамі, якія аказваюць паслугі па эвакуацыі і захоўванні аўтамабіляў. А тыя могуць усталёўваць свае кошты. Машыну ж не вяртаюць, пакуль не будзе аплочаны штраф і паслугі стаянкі. Ці можна забраць машыну па першым патрабаванні і не плаціць? Хто мае права забраць аўтамабіль? Еўрарадыё адшукала чалавека, які дабіўся праўды, але яго машына прастаяла на штрафстаянцы 7 месяцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі