Запрацаваў сайт-архіў матэрыялаў дэмакратычнага руху Беларусі

Ідэя сайта "Вытокі" выспявала даўно і не ў адной грамадскай арганізацыі, кажуць яго стваральнікі. Там выкладзеныя факты той гісторыі, якой не знайсці ў афіцыйных падручніках.

Хутка кожны можа лёгка знайсці патрэбны дакумент пэўнай арганізацыі ці здымкі з шэсця на Дзяды-1988 альбо Чарнобыльскі Шлях-1996. Шэраг грамадскіх арганізацый і прыватных збораў аб'ядналі свае высілкі для стварэння вялікага інтэрнэт-архіва.

Гісторык Вацлаў Арэшка з грамадскага аб'яднання "Дыярыюш": "Мы збіраем усё, што тычыцца гісторыі грамадскага супраціву, вызвольнага руху, барацьбы за дэмакратыю, свабоду, незалежнасць за XX-XXI стагоддзі".

Калі БРСМ раптам забароняць і перашкодзяць яго дзейнасці, то і яго дакументы могуць з'явіцца на "Вытоках", жартуе старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Пакуль сайт-даведнік з гісторыяй арганізацый, біяграфіямі дзеячоў, па ацэнцы старшыні грамадскага аб'яднання "Дыярыюш" Ларысы Андросік, запоўнены на 1%. Туды пастаянна будуць дадавацца ўсё новыя фотаздымкі і копіі дакументаў. Кожны ахвочы можа падзяліцца каштоўным асобнікам з сваёй калекцыі.

Гісторык Вацлаў Арэшка тлумачыць прычыну стварэння вэб-архіва: "Мы сутыкаемся з сітуацыяй, што вялікая колькасць дакументаў гіне. Ніводны афіцыйны збор, архіў ці бібліятэка сістэматычна не збірае такія матэрыялы. Думаю, лепшы збор існуе толькі ў органах бяспекі".

У будучыні, сайт можа стаць і карысным памочнікам для студэнтаў-гісторыкаў, спадзяюцца арганізатары "Вытокаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі