Заробкі хакеістаў "Дынама" не называюць, каб не шакаваць?
А ў КХЛ абяцаюць раскрыць бюджэты клубаў, калі ў лізе з’явіцца больш “еўрапейскіх” каманд.
Еўрарадыё зацікавілася, чаму хакейныя клубы хаваюць свае бюджэты. Першы віцэ-прэзідэнт КХЛ Уладзімір Таржкоў кажа, што інфармацыя гэтая адкрытая, але толькі… ўнутры КХЛ. І тлумачыць, чаму.
Уладзімір Таржкоў: “Хакеісты атрымоўваюць пэўныя грошы. Але рэальны заробак у краіне, у тым ліку ў Расіі, не цалкам адпавядае таму, што адбываецца ў ведамасцях спартыўных. Атрымалася, што чалавек, напрыклад, у Чарапаўцы, не вельмі зацікаўлены ў тым, каб публічна было вядома, колькі ён зарабляе”.
Паводле словаў Таржкова, кіраўніцтва лігі гатовае адкрыць гэтую інфармацыю, але да гэтага не саспела агульнапалітычная і агульнафінансавая сітуацыя ў Расіі ці Беларусі. Тым больш, што зараз усе каманды КХЛ, акрамя славацкага “Лева”, прадстаўляюць краіны былога СССР. Калі ж павялічыцца колькасць каманд з Заходняй ці Цэнтральнай Еўропы, у лізе можа з’явіцца “галоснасць”.
Уладзімір Таржкоў: “Мы хочам выйсці на ўзровень, калі ў нас будзе “Мілан”, з’явяцца клубы з Германіі, Швейцарыі. Пакуль мы ўсё ж такі маем клубы з усходнееўрапейскай часткі. Ёсць “Леў” (Попрад), але ён пакуль адзін. Думаю, як толькі ў нас з’явяцца клубы з Заходняй Еўропы, непазбежна прыйдзем да таго, да чаго імкнецца кіраўніцтва КХЛ”.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, якімі сродкамі валодае мінскае “Дынама”. Наконт таго, колькі выдзяляе дзяржава на ўтрыманне каманды і хто са спонсараў робіць найбольшы ўклад, у сталічным клубе каментароў не даюць.
“Наўрад ці атрымаецца парадаваць вас нейкай інфармацыяй”, — адказваюць у сталічным клубе.
Старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін лічыць бюджэт “Дынама” адкрытым. Але колькі ён складае… не ведае.
Яўген Ворсін: “Мы кажам, што ў нас адкрытыя бюджэты. Але праз некаторыя абставіны няма сэнсу казаць пра гэта на кожным рагу, на кожным скрыжаванні. І ў Расіі гэтага не робяць, вы чыталі інтэрв’ю Мядзведзева (прэзідэнт КХЛ — Еўрарадыё)? Ён таксама сказаў, што ў іх адкрытыя бюджэты, але яны іх не афішуюць. Гэтая тэма — не для абмеркавання ў друку”.
Згодна са словамі Ворсіна, мінскі клуб мае ўласныя крыніцы фінансавання. Пры гэтым федэрацыя актыўна супрацоўнічае з “Дынама” і нават абмяркоўвае склад каманды.
А вось адзін з заснавальнікаў мінскага “Дынама” — “Беларуская калійная кампанія” — у выбары гульцоў і трэнераў не ўдзельнічае. У кампаніі кажуць, што гэта прэрагатыва клуба. Назваць памер спонсарскай дапамогі тут таксама адмаўляюцца.
Цікава, што па словах генеральнага дырэктара “Дынама” (Мінск) Аляксея Торбіна, бюджэт беларускага клуба займае месца ў канцы дваццаткі КХЛ.
Бюджэт мінскага “Дынама” ў сезоне 2008/2009 |
|
Бюджэт мінскага “Дынама” ў сезоне 2009/2010 |
Фота: 1obl.ru