Зміцер Чацвяргоў: Я ўпершыню бачу такі ўзровень гітарыстаў

121130_malina_4etverhoff.mp3

“Не буду вас напружваць, я ж разумею, што слухаць гудзенне гітары доўгі час складана”, — выходзіць на сцэну расійскі гітарыст Зміцер Чацвяргоў. Хто б мог падумаць, што не толькі беларускія музыкі перад выступам нібы просяць прабачэння ў сваіх прыхільнікаў. У прынцыпе, падчас усяго свайго сэту на фэсце Virage Guitars Зміцер шмат размаўляў з залай, распавядаў гісторыі, дзяліўся досведам, што вельмі нагадвала майстар-клас музыкі.

Адкрываў фестываль менавіта пераможца, студэнт Інстытута сучасных ведаў Зміцер Доўгань. Яшчэ раз ён выйшаў на сцэну ўжо на закрыццё, на фінальны джэм разам са Змітром Чацвярговым ды арганізатарам і стваральнікам фэсту Сяргеям Трухановічам. Праўда, нельга сказаць, што гэты джэм прайшоў гладка. Было заўважна, што музыкі часам не разумелі адзін аднаго.

“Было вельмі страшна, нават калаціла, — дзеліцца эмоцыямі ад джэму 19-гадовы гітарыст. — З такімі людзьмі граць… іх досвед, мысленне, узровень тэхнікі… Для мяне гэта быў вялікі іспыт. А непаразуменні падчас выступу сапраўды былі, але ў нас нават не было часу, каб хоць раз усе гэтыя песні прагнаць, то бок, мы не рэпетавалі".

Гітарыст Алег Спіцын, які быў старшынёй журы на конкурсе, распавёў, што вельмі задаволены ўсёй імпрэзай і лічыць, што асноўную функцыю — даваць штуршок для развіцця якаснай музыкі і музыкаў — выкананы. А вось узроўнем маладых гітарыстаў і конкурснай часткі Алег застаўся незадаволены.

“Выбралі мы маладога хлопца, які, мне падаецца, дае надзею на то, што будзе калісьці добра граць, — апісвае ўзровень канкурсантаў ды ўменні пераможцы Змітра Доўганя старшыня журы. — Але агулам было вельмі сумна! Проста сумна, бо хлопцы на свой погляд абіралі не па сабе капелюшы, хацелі выканаць добрую музыку, а… Ды не трэба нікога здзіўляць, проста сыграй ты як чалавек”.

Цікава, што асноўны вынік, які зрабіў Зміцер Доўгань — трэба ведаць сваё месца, маўляў, калі бачыш ды працуеш з такімі людзьмі, усе завышэнні сваіх уласных здольнасцяў адразу знікаюць. А вось Зміцер Чацвяргоў адзначыў, што не чакаў такога ўзроўню ў Беларусі.

“Я ўпершыню бачу такі ўзровень менавіта ў Беларусі, як у сённяшняга гітарыста Змітра, — каментуе выступ пераможцы Virage Guitars расійскі госць. — Мне вельмі ён спадабаўся, і я мяркую, што ён стане выбітным музыкам, калі не кіне гэтую справу. Шлях цярністы, але ніхто і не абяцаў, што будзе проста, бо з песеннай папсой значна прасцей прабівацца на эстраду”.

Такія фэсты прыцягваюць увагу да інструментальнай музыкі, якая на ўсёй постсавекай прасторы засталася па-за індустрыяй, дадаў гітарыст. Вось толькі простых аматараў гітарнай музыкі ў клубе TNT было небагата.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі