Змітра Бандарэнку прывезлі на аперацыю... І вярнулі ў СІЗА

Еўрарадыё: Сёння Змітра Бандарэнка мусілі прывесці ў шпіталь і рабіць аперацыю. Але нешта па дарозе здарылася, распавядзіце, што адбылося?

Вольга Бандарэнка: “Яго прывезлі і звезлі назад. Ён мне на спатканні ў пятніцу сказаў, што яго павінны прывезці, пакласці ў панядзелак, а ў аўторак зрабіць аперацыю. Таму сёння зранку я дзяжурыла. Пасля я заўважыла, што падышлі яшчэ людзі – сябры, музыкі, каб выказаць яму падтрымку. Не было журналістаў, не было транспарантаў, што так пужае звычайна беларускія праваахоўныя органы.

Недзе ў 9:40 пад’ехала шэрая машина. Мы вырашылі, што гэта Дзіму прывезлі. Я была ў прыёмным аддзяленні, и адтуль выйшла жанчына з дакументамі (верагодна, доктар Дзімы) і мужчына ў цывільным. Ён падышоў да мяне і сказаў: “Лепш скажыце людзям разысціся, каб не было эксцэсаў”. Я зразумела дакладна, што Дзіму прывезлі. Я сказала, што ніякіх эксцэсаў, што людзі прыйшлі выказаць сваю падтрымку і яны не збіраюцца адбіваць яго ў канвоя, а проста хочуць, каб ён іх пабачыў.

Я была ўнутры, спадзявалася яго пабачыць, калі яго павядуць. Дакументы, я так разумею, аформілі без яго. Але тут мне патэлефанавалі з вуліцы і сказалі, што машына з’ехала. Дзе ён цяпер знаходзіцца, я не ведаю (пазней высветлілася, што Змітра вярнулі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. – Заўв. Еўрарадыё). Заўтра павінна быць аперацыя. Ці будуць яго прывозіць заўтра на аперацыю, ці сёння ноччу, я не ведаю”.

Еўрарадыё: Ці ў вас ёсць кантакт з лекарамі ў шпіталі, якія будуць апераваць Змітра?

Вольга Бандарэнка: “Так. Не магу сказаць, што я размаўляла шмат, але я размаўляла і з прафесарамі, і з дактарамі, на якіх толькі трапляла, бо я вельмі хвалююся. Мне сказалі ўсе, што гэта вельмі добрая лякарня дактары кваліфікаваныя. Я паразмаўяла з лекарамі і яны сказалі, што аперацыя яму вельмі паказаная, што кілы вельмі вялікія.

Канешне, мяне хвалюе сама аперацыя. Нейрахірургі, якія будуць яго апераваць, яны Дзіму не бачылі – дыягназ ставіўся завочна. Няхай сабе па МРТ, няхай па дакументах, але завочны дыягназ – гэта не тое, што размова з чалавекам, агляд... Гэтая аперацыя – кот у меху. Таксама вялікая праблема і ўзнаўленне пасля аперацыі. Ведаючы прыблізна, што яго чакае далей – некалькі дзён або нават усяго дзень тут і два тыдні ў турэмным шпіталі, дзе няма ніякіх фізіапрацэдур, а пасля ў калонію… Гэта мяне хвалюе вельмі моцна, бо гэта пасля аперацыі можа скончыцца вельмі кепска”.

Еўрарадыё: Ці вы спрабавалі дамагчыся ад кіраўніцтва калоніі падоўжыць гэты тэрмін знаходжання Змітра пасля аперацыі прынамсі ў турэмным шпіталі?

Вольга Бандарэнка: “У мяне не было магчымасці з кімсьці размаўляць, бо, на колькі я разумею, Дзіму не прывезлі. Прыедзе хутчэй за ўсё канвой, магчыма прыедзе яго доктар, тады яны змогуць напісаць рэкамендацыю, але ці будуць іх слухаць – я не ведаю”.

Фота: "Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі