Рэпрэсіі за хрышчэнне і галадоўку: як Лукашэнка ваюе з царквой праз палітыку
Лукашэнка ніколі не лічыўся набожным чалавекам, але час ад часу публічна наведваў цэрквы, браў туды з сабой чыноўнікаў і малодшага сына Мікалая. У 2014 годзе нават адзначыў, што царква — другая ў краіне паводле папулярнасці. Вядома, пасля кіраўніка дзяржавы.
Аднак як толькі духоўныя асобы пачалі асуджаць рэпрэсіі, аказалася, што асаблівага статусу блізкасць да Бога не дае. Святары, якія адважыліся выказацца супраць галоўнага ў Беларусі "апекуна" царквы, самі цярпяць ад рэпрэсій.
Еўрарадыё прыгадала гучныя і месцамі абсурдныя выпадкі.
Адным з першых трапіў пад раздачу былы кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У жніўні 2020 года ён прыехаў да палітвязняў на Акрэсціна і заклікаў улады спыніць гвалт. Пасля візіту ў Польшчу яго некалькі месяцаў не пускалі назад у Беларусь, а пазней знялі з пасады кіраўніка беларускага Касцёла. Лукашэнка заявіў, што ён павёў "сябе па-антыдзяржаўнаму".
Хрышчэнне — "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства"
Рэпрэсіі для святароў, як і для ўсіх беларусаў, не абмежаваліся 2020 годам. Часам сітуацыі даходзяць да абсурду. Напрыклад, пастару царквы "Жывая вера" Дзмітрыю Падлобку далі штраф 20 базавых велічынь (640 рублёў) паводле народнага артыкула 24.23 КаАП за тое, што ён ладзіў водны абрад хрышчэння пад адкрытым небам. Міліцыя палічыла гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, бо не было "спецыяльнага дазволу". Здаецца, такі мем мог выдумаць "Чай з малінавым варэннем", аднак гэта беларуская рэальнасць.
Не абмінаюць святароў і "экстрэмісцкія" артыкулы. Напрыклад, ксяндзу Яўгену Учкуронісу далі штраф 20 базавых велічынь за рэпосты "экстрэмісцкіх" СМІ.
Не рэдкія выпадкі, калі беларусаў караюць суткамі, а потым падаўжаюць іх зноў і зноў пад рознымі падставамі. Так адбылося з ксяндзом Андрэем Вашчуком. Яго затрымаў ГУБАЗіК 18 ліпеня за аватарку з БЧБ-сцягам у Фэйсбуку, "пратэсныя" фота ў профілі, у тым ліку са сцягам Украіны. Святар на судзе заявіў, што БЧБ-сцяг для яго — сімвал хрысціянства. Паводле вынікаў гэтага суда Вашчук атрымаў 15 сутак. А 20 ліпеня яго зноў судзілі паводле артыкула 19.11 КаАП за тое, што ён далучыўся да телеграм-чату, які ўлады палічылі экстрэмісцкім. Яго пакаралі яшчэ 15 суткамі і канфіскавалі тэлефон.
Паводле аналізу праваабаронцаў, праўладныя прапагандысты не пасаромеліся зладзіць інфармацыйную атаку на святара, пакуль ён не меў магчымасці ім адказаць. І нават абвінавацілі яго ва ўжыванні наркотыкаў.
Вашчук не спадабаўся ўладам яшчэ і таму, што да яго цягнуцца людзі, мяркуе ксёндз Вячаслаў Барок.
— Чаму трапілі на ксяндза Андрэя? Таму што ён прапаведаваў Хрыста не толькі ў храме, ён быў здольны выходзіць за яго сцены, быў здольны пачуць чалавека ўсюды, да яго прыходзілі людзі, і не толькі каталікі. Яго вельмі паважаюць, — адзначае Вячаслаў Барок.
Сам Барок з'ехаў з Беларусі праз рэпрэсіі. У снежні 2020 года яго пакаралі 10 суткамі за рэпост працы мастака Уладзіміра Цэслера “Стоп лукашызм!" Даведаўшыся пра новую адміністрацыйную справу, ён пакінуў Беларусь.
Праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава арыштавалі на 14 сутак 1 верасня 2022 года. Ён галадаў у падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, маліўся за загінулага Рамана Бандарэнку і выступаў супраць вайны ва Украіне. Пры затрыманні ГУБАЗіК выбіў дзверы ў кватэры айца Уладзіслава.
Пасля 2020 года ўлады знайшлі сярод святароў крымінальнікаў
Сярод палітвязняў — праваслаўны святар Сяргей Разановіч, фігурант "справы Аўтуховіча". Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: удзел у злачыннай арганізацыі, замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб.
У 2020 годзе Аўтуховіч некалькі разоў спыняўся ў Разановіча. Святар расказаў, што чуў толькі дэкларацыі планаў Аўтуховіча, але ніякіх падрабязнасцяў не ведае. А таксама адзначаў, што бачыў патроны і зброю Аўтуховіча, але пабаяўся з кімсьці гэта абмяркоўваць.
Яшчэ адзін палітвязень — пастар баптысцкай царквы "Святло Надзеі" Віталь Чычмароў.
Да 2020 года ён таксама працаваў інжынерам на заводзе імя Казлова. Там кіраваў пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафсаюзу металістаў. Віталь актыўна выступаў за сумленныя выбары і добрыя ўмовы працы. Відавочна, за гэта яго і затрымалі 19 красавіка 2022 года. Улады абвінавачваюць яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (артыкул 342 КК). Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.
— Праз ціск святары вымушаныя з'язджаць з краіны, губляць працу. Таксама пераследуюцца і сям'і святароў, — робяць выснову праваабаронцы "Вясны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.