Рэстаратар з Ліды, які "не меў сілаў", каб устанавіць пандус, устанавіў пандус
У Лідзе стала менш на адзін бар'ер для інвалідаў-вазочнікаў. Уладальнік кавярні "Біг смак" устанавіў пандус на ўваходзе, дзе раней быў высокі ганак, непераадольны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Сітуацыя цікавая тым, што раней рэстаратар Андрэй Гурыновіч крэатыўна адмовіў мясцовым вазочнікам у пандусе. "…у маральным і фінансавым аспекце я фізічна не гатовы і не маю матэрыяльна-тэхнічнай магчымасці для ўскладання на сябе абязацельстваў па арганізацыі вышэйпададзеных эканамічных мерапрыемстваў", — адказаў ён на запыт грамадзянскага актывіста з Ліды Аляксандра Аўдзевіча. І гэта нягледзячы на тое, што вазочнікі прапанавалі аплаціць устаноўку пандуса з уласных сродкаў!
Што трэба зрабіць, каб усталяваць пандус на ўваходзе ў памяшканне?
Аўдзевіча такі вынік не задаволіў. Неўзабаве пасля атрымання адказу ён разам з пяццю сябрамі-вазочнікамі заехаў у "Біг смак", каб паесці шаўрмы. Так яны прадэманстравалі гаспадару кавярні, што адмаўляцца ад пэўнай часткі аўдыторыі, прыдумляючы апраўданні накшталт "няма сілаў і часу", — гэта глупства.
Ці была вячэра вазочнікаў апошняй кропляй — невядома. Але 19 кастрычніка на ўваходзе ў кавярню з'явіўся пандус. Гараджане адразу заўважылі, што ўзімку на ім будзе вельмі коўзка. Аляксандр Аўдзевіч супакойвае: на час галалёду пандус можна прыбіраць, вяртаючы на месца, калі ён будзе патрэбны.