Рэйс Мінск-Дубай адклалі амаль на суткі праз "тэхнічную непаладку"
Аэрапорт "Мінск"
Амаль на суткі адклалі вылет рэйса FZ1634 Мінск-Дубай з Нацыянальнага аэрапорта "Мінск". Самалёт авіякампаніі FlyDubai мусіў вылецець з Мінска 20 лютага ў 13:55, аднак адпраўленне перанеслі на 6:00 21 лютага, піша "Зеркало".
У кампаніі, якая прадстаўляе ў Беларусі авіякампанію FlyDubai, журналісту "Зеркала" сказалі, што затрымка выкліканая "тэхнічнымі непаладкамі" з бортам. На пытанне пра кампенсацыю для пасажыраў, якія не здолелі паляцець, у кампаніі пакуль не змаглі адказаць.
Тым часам у сацсетках пасажыры сталі наракаць, што праз гэтую затрымку спазняюцца на стыкоўныя рэйсы на іншыя кірункі і рызыкуюць страціць дарагія квіткі. Адзін з карыстальнікаў піша, што яго знаёмыя не трапляюць на стыкоўку рэйса на Сейшэлы: квіткі абышліся ім па 8 тысяч долараў. Іншая дзяўчына скардзіцца, што з-за мяжы не грузіцца сайт Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", таму немагчыма даведацца інфармацыю пра рэйс. "Сказалі рэчы забіраць і ў...ць з аэрапорта", — піша яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.