Рэжым Лукашэнкі прапануе Літве "перазагрузку адносін"
Рэжым просіць, каб з ім нарэшце пачалі размаўляць
Рэжым Лукашэнкі прапануе Літве "перазагрузку адносін". Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў апублікаваў у газеце "СБ. Беларусь сегодня" артыкул на гэтую тэму. Ён прызнае, што "беларуска-літоўскія адносіны на цяперашнім этапе... перажываюць найгоршы перыяд за ўсю гісторыю двухбаковага ўзаемадзеяння". І пры гэтым ускладае адказнасць за гэта на... Літву. Нібыта і не было міграцыйнага крызісу на яе мяжы, арганізаванага з удзелам сілавікоў РБ. Нібыта не было пагроз на адрас літоўскай дзяржавы з Мінска.
Рыжанкоў называе шмат лічбаў, якія павінны сведчыць пра страты літоўскай эканомікі з-за санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі. Але той жа Клайпедскі порт і без беларускага калію сёлета аднаўляе абароты.
"Беларусь... па-ранейшаму зацікаўлена ў нармальным раўнапраўным дыялогу з літоўскімі суседзямі, — піша Максім Рыжанкоў. — ...Сярод першачарговых мер мы маглі б сумеснымі намаганнямі намеціць шляхі вырашэння пытанняў нармалізацыі міграцыйнай сітуацыі на мяжы, дээскалацыі ваеннай напружанасці, узаемадзеяння па лініі сілавых ведамстваў...". Міністр лічыць, што "аднаўленне нармальнага пасажырскага і грузавога спалучэння і мабільнасці, транзіту грузаў" у агульных інтарэсах. І палохае "кропкай незвароту".
Пры гэтым рэжым Лукашэнкі нічога не абяцае Літве. Проста просіць, каб з ім нарэшце пачалі размаўляць. А пакуль чакае "рэакцыі літоўскага боку на гэтыя прапановы і канкрэтных крокаў літоўскай палітычнай эліты".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.