Рэжым Лукашэнкі стварыў новае спецпадраздзяленне — "Беркут"
Спецназаўцы на трэніроўцы / sb.by
Рэжым Лукашэнкі стварыў новае спецпадраздзяленне — "Беркут". Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Мікалай Карпянкоў. Паводле яго слоў, задачамі "Беркута" з'яўляецца барацьба з "дыверсійна-разведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі". Такія ж задачы пастаўлены перад створанымі раней спецпадраздзяленнямі — "Рысь", "Смерч" і "Честь". Насамрэч, яны рыхтуюцца да барацьбы з партызанамі і беларускімі добраахвотнікамі, якія могуць вярнуцца з Украіны.
Таксама ў брыгадах і асобных батальёнах унутраных войскаў стварылі тры роты і 12 узводаў спецпрызначэння. Яшчэ тры падраздзяленні сфармуюць у Брэсце, Гродне і Гомелі. Рэжым намагаецца стварыць як мага больш падраздзяленняў, якія мусяць яго абараняць.
Што да "Беркута", то такое спецпадраздзяленне існавала ў складзе МУС Украіны да 2014 года. Яно ўдзельнічала ў падаўленні пратэстаў. Лёс "беркутаўцаў" сумны. Частка з іх уцякла за мяжу, у тым ліку і ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.