Ва ўсіх злучэннях унутраных войскаў збіраюцца стварыць мабільныя атрады спецназу
Спецназ унутраных войскаў / sb.by
Ва ўсіх злучэннях унутраных войскаў збіраюцца стварыць мабільныя атрады спецназу. Пра гэта на калегіі МУС Беларусі заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Ён называе гэта "працягам удасканалення сістэмы ўнутраных войскаў" і "нарошчваннем баявога патэнцыялу падраздзяленняў аператыўнага прызначэння". Па словах Карпянкова, да гэтага падштурхоўвае "міжнародны вопыт" і "сітуацыя ў свеце". Раней ён выказваўся больш дакладна — улады РБ баяцца Украіны і беларускіх добраахвотнікаў, якія там ваююць.
Новыя падраздзяленні спецназу будуць дзейнічаць "на любой тэрыторыі, у любых умовах". Іх забяспечваюць сучаснай зброяй, тэхнікай, беспілотнікамі.
У снежні 2022-га было заяўлена, што для барацьбы з "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі" і "дыверсійна-разведвальнымі групамі" ва ўнутраных войсках МУС створаныя два атрады спецпрызначэння — "Смерч" і "Рысь". Але іх аказалася замала для абароны рэжыму. Нядаўна Мікалай Карпянкоў заявіў, што спецназаўцаў будуць рыхтаваць інструктары, якія маюць баявы досвед. Верагодна, гэта будуць расіяне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.