Роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй да канца 2020-га не адменяць
Да канца 2020 года роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй адменены не будзе, заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Па яго словах, тут ёсць тэхнічныя і фінансавыя праблемы.
"Не думаю, што да канца года гэтае пытанне будзе канчаткова вырашанае. Па меры яго вырашэння ўзнікаюць новыя тэхнічныя і фінансавыя праблемы, але рух ёсць, і ён палягае ў тым, што цяпер роўмінг ужо працуе па значна зніжаных тарыфах", — цытуе РІА "Новости" словы Рапоты.
Над адменай роўмінгу Беларусь і Расія працуюць з 2017 года. Планавалася, што адмена роўмінгу адбудзецца 1 верасня 2020-га — наконт гэтага ў снежні 2019 года нават падпісалі спецыяльную "дарожную карту". Але ў выніку толькі 1 лістапада плата за роўмінг была зніжаная ў 20 разоў — з 30 цэнтаў да 1,5 цэнта за хвіліну.
Рапота заяўляе, што працу па адмене роўмінгутрэба праводзіць з улікам эканамічных інтарэсаў: "Трэба набрацца цярпення менавіта для таго, каб не абрынуць сістэму сувязі. Даводзіцца ўлічваць інтарэсы як абанентаў, так і пастаўшчыкоў паслугі".
Ён дадаў, што непераадольных праблемаў у гэтай сферы няма, але назваць дакладную дату адмены роўмінгу адмовіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.