Руды: у Кітаі не было і думкі пра выратаванне эканомікі — ратавалі людзей
Падчас успышкі каранавіруса кітайскія ўлады найперш ратавалі людзей, а не эканоміку. Пра гэта былы амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды распавёў у інтэрв'ю парталу TUT.by.
Па словах Рудага, кітайцы не адразу зразумелі, што адбываецца, але дастаткова хутка зарыентаваліся. Ён назваў тры асаблівасці кітайскага метаду барацьбы з каранавірусам.
Па-першае, Пекін перадаў паўнамоцтвы на месцы. Мясцовыя ўлады самі вырашалі, ці зачыняцца ім на каранцін, а школы і ўніверсітэты — калі адмяняць навучанне. "Калі выніку не было і колькасць тых, хто заразіўся, расла, то Пекін прымаў кадравае рашэнне і мяняў мясцовага кіраўніка", — тлумачыць экс-дыпламат.
Па-другое, самаарганізавалася грамадства. Мясцовыя дружыны самі блакавалі свае вёскі. Бізнесоўцы закуплялі маскі па ўсім свеце. Актывізаваліся няўрадавыя арганізацыі. "Нават беларускі самалёт з гуманітарнай дапамогай кітайскія ўлады спачатку не ведалі, як аформіць, а груз прымала прыватная кампанія, якая адправіла яго ва Ухань", — згадвае Руды.
Па-трэцяе, Кітай стаў актыўна выкарыстоўваць ІТ-тэхналогіі. "Былі мабільныя дадаткі, у якіх адзначаліся захварэлыя, іх кантакты, і кожны бачыў, ад каго варта дыстанцыявацца. Давалі адзін дазвол на сям'ю для аплаты праз WeChat, каб у краму ішоў толькі адзін чалавек. Сканавалі QR-коды пры ўваходзе ў будынкі, каб ведаць маршрут чалавека. Пастаянна вымяралі тэмпературу", — распавядае экс-амбасадар.
Руды кажа, што кітайцы падчас успышкі каранавіруса найперш дбалі пра выратаванне людзей: "У Кітаі тады і думкі не было пра выратаванне эканомікі — ратавалі людзей". Нават цяпер кітайскія кампаніі ў Беларусі штодня дасылаюць на радзіму справаздачы пра тэмпературу сваіх работнікаў. Да гэтых справаздачаў яны прыкладаюць фатаграфіі градуснікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.