Рыхтуйцеся раскашэліцца, калі марыце наведаць Парыж наступным летам — #ІхНоравы

Квіткі ў Луўр даражэюць, бо чакаецца турыстычны ажыятаж

Квіткі ў Луўр даражэюць, бо чакаецца турыстычны ажыятаж / @rubanau_collage

Сталіца Францыі можа сабе дазволіць не прывабліваць турыстаў, што прыедуць на Алімпійскія гульні-2024, зніжкамі. І нават наадварот, падвышае кошты, каб кампенсаваць сабе нязручнасці. Пра гэта, а таксама пра самага страшнага драпежніка ў гісторыі Зямлі і выразную паштоўку ад сям’і будучага караля Велікабрытаніі, чытайце ў нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.

Падводны монстр Юрскага перыяду сапраўды існаваў!

У Англіі знайшлі чэрап аднаго з найбуйнейшых і самых грозных яшчараў у гісторыі планеты. Яго вынялі са скал у графстве Дорсет, дзе раней ужо знаходзілі косці гэтага монстра Юрскага перыяду. Як сведчаць навукоўцы, пліязаўр, чый чэрап цяпер знайшлі, драпежнічаў у акіянах Зямлі каля 150 млн гадоў таму.

А цяпер толькі паспрабуйце ўявіць памеры гэтага гіганта. Даўжыня чэрапа перавышае чалавечы рост — яна дасягае двух метраў. Сківіца добра захавалася — як і 130 доўгіх і вострых зубоў, якія на адваротным баку ўяюляюць сабой штосьці накшталт грэбеня.

«Гэта адна з найлепшых закамянеласцяў, з якімі мне даводзілася калі-небудзь працаваць. Яе ўнікальнасць заключаецца ў тым, што гэта — цалкам цэлы экзэмпляр», — распавядае ВВС палеантолаг з Дорсета Стыў Этчэс, які вывучае ўнікальны ўзор, якому няма аналагаў у свеце.

Цяпер гэты чэрап у Велікабрытаніі будуць вывучаць спецыялісты з усяго свету, якія дапамагаюць нам скласці ўяўленне пра дагістарычныя часы і жывых істот, якія насялялі Зямлю, калі на ёй яшчэ не існавала чалавецтва.

Рыхтуйцеся раскашэліцца, калі марыце наведаць Парыж наступным летам — #ІхНоравы
Стыў Этчэс побач з чэрапам / BBC/TONY JOLLIFFE

Каб пабачыць Мону Лізу, трэба будзе заплаціць больш

Музей Луўра падвышае кошт білета з 17 еўра да 22 еўра, пачынаючы са студзеня 2024-га. Дый увогуле Парыж даражэе. Усё з-за Алімпійскіх гульняў, якія сталіца Францыі прыме ў наступным годзе. Кошт на праезд у метро падвоіцца з 2,10 еўра да 4 еўра. Ну а пра тарыфы парыжскіх гасцініц ужо і няма чаго казаць — гэта будуць завоблачныя кошты.

Так Парыж рыхтуецца прыняць амаль 10 мільёнаў чалавек падчас Алімпіяды, што мае адбыцца з 20 ліпеня па 8 верасня. 

Рыхтуйцеся раскашэліцца, калі марыце наведаць Парыж наступным летам — #ІхНоравы
У Луўры і без Алімпіяды дзеецца турыстычнае шаленства... / pixabay.com

Як хутка растуць чужыя дзеці!

Сям’я прынца Уэльскага Уільяма і Кейт Мідлтан апублікавала калядную паштоўку, якая ўскалыхнула грамадскасць. Не толькі з ліку тых, што пільна сочаць за жыццём каралеўскай сям’і Велікабрытаніі і ўласна спадкаемца прастола. Фота аналізуюць таксама і модныя часопісы, і аналітыкі трэндаў.

Дык што ж там пабачылі? Ну, па-першае, што агаломшыла людзей: як хутка растуць чужыя дзеці! Напрыклад, якой дарослай раптам стала праўнучка памерлай каралевы Лізаветы II прынцэса Шарлота Уэльская. Ёй цяпер 8 гадоў, і яна больш не выглядае, як няўрымслівя і гарэзная дзяўчынка — а як маленькая ледзі. Відавочна пасталелі і іншыя дзеці — 5-гадовы прынц Луі і 11-гадовы прынц Джордж.

Рыхтуйцеся раскашэліцца, калі марыце наведаць Парыж наступным летам — #ІхНоравы
Прынц Уэльскі Уільям і прынцэса Уэльская Кейт з дзецьмі — прынцам Джорджам, прынцэсай Шарлотай і прынцам Луі /  Josh Shinner / Courtesy of Kensington Palace

Сёлетняя паштоўка чорна-белая, а не каляровая, што даволі незвычайна для каралеўскага этыкета. Сям’я апранутая аднолькава: белыя кашулі, цёмныя штаны. Ніякіх гальштукаў, ніхто не зашпілены пад горла. Дзеці — у кедах. Усе выглядаюць даволі раслаблена.

Пра што гэта можа сведчыць?

“Больш чым калі-небудзь, гэта пасланне нармальнасці. Уэльсцы пазіцыянуюць сябе як прыземленую пару, галоўная задача якой — даць сваім дзецям максімальна стабільнае і здаровае выхаванне”, — піша пра гэты здымак Vogue.

Сям’я прынца Уэльскага не прамяняла свой маленькі катэдж Адэлаіда на тэрыторыі Віндзарскага замка на жыццё ў самім замку-рэзідэнцыі, куды іх запрасіў кароль Карл ІІІ. Яны адмовіліся ад няні, іх дзеці вучацца ў суседняй школе, куды Уільям і Кейт кожную раніцу самі адводзяць дзяцей. На гэтым здымку чальцы каралеўскай сям’і больш, чым калісьці, падобныя на звычайную сям’ю, неабавязкова нават брытанскую — і гэтым падкупляюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі