Рымашэўскі: Мая жонка будзе адной з самых лепшых першых лэдзі ў свеце!

У відэапраекце Еўрарадыё “Кандыдата ў студыю!” Віталь Рымашэўскі расказаў палітычны анекдот, патлумачыў, чаму шкадуе сэксуальныя меншасці, распавёў, дзе ў Беларусі з’явіцца музей злачынстваў камунізму, і паабяцаў усім маладым сем’ям па кватэры.


– Ваш ідэал палітычнага лідэра?

– Напэўна, гэта – Гандзі. А калі казаць пра беларускія рэаліі, то гэта – Канстанцін Астрожскі. Гэта той палітык, на якога хацелася б раўняцца.

– Ваша ўлюбёная кніга?

– З беларускіх – некалькі кніг Уладзіміра Караткевіча. “Каласы пад сярпом тваім” у тым ліку. Але не магу асобна выдзеліць нешта з яго твораў. Проста Караткевіч мне падабаецца. А з замежных пісьменнікаў – Экзюперы.

– А якая ваша любімая песня?

– Мне вельмі падабаюцца песні N.R.M. Практычна з кожнага альбома некалькі песень я назваў бы сваімі любімымі. А таксама народныя беларускія песні. А што тычыцца маіх музычных схільнасцяў, то мне падабаецца класічная музыка. А раней я слухаў вельмі шмат ДДТ, напрыклад.

– На ваш погляд, у колькі разоў заробак прэзідэнта павінен перавышаць заробак, да прыкладу, настаўніка?

– Не магу сказаць дакладна, але магу сказаць, што заробак павінен быць прыстойны. Як у прэзідэнта, так і ў настаўніка. Мы будзем імкнуцца да таго, каб у Беларусі заробак настаўніка быў не ніжэйшы, чым у Еўропе. А таксама – і прэзідэнта.

– Як вы ставіцеся да сэксуальных меншасцяў?


– Удакладніце пытанне, калі ласка.

– Ці вы лічыце, што іх трэба забараніць? Ці за тое, што яны з’яўляюцца геямі і лесбіянкамі іх трэба караць? Ці хай жывуць сваім жыццём?

– Ёсць розныя грахі. Я хрысціянін і магу сказаць, што ёсць у тым ліку і грэх садомскі. Такі ж самы, як здрада жонцы ў шлюбе. Альбо мужу. Гэта грэх. Мне шкада гэтых людзей. Што тычыцца дзяржавы, то лічу, што дзяржава не павінна ўмешвацца ў прыватнае жыццё ні ў якім разе. Кім бы гэты чалавек не быў. А што тычыцца тых каштоўнасцяў, на якіх павінна быць пабудавана дзяржава, то зразумела – кожны народ выбірае гэтыя каштоўнасці. У кожнага народа ёсць дазволенае і ёсць забароненае. І гэтыя рамкі заўсёды рухомыя. І кожны чалавек згодна са сваімі перакананнямі павінен за іх змагацца. Як хрысціянін, я лічу, што наша грамадства павінна будавацца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Калі казаць пра шлюб, то я лічу што шлюб – гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай.

– Калі зараз вы дастанеце кашалёк, колькі грошай у ім будзе?


– Не маю кашалька.

– Зусім?

– Зусім. Грошы я трымаю ў кішэні. Вельмі надзейны спосаб, і раю вам таксама рабіць: у мяне іх ні разу не кралі – гэта немагчыма з кішэні джынсаў.

– Добра! Колькі зараз у кішэні грошай?

– Палічыць? Я не ведаю, колькі зараз дакладна там грошай. Я думаю, што там тысяч 50 рублёў. Можа, троху меней. І паколькі я зараз прыехаў адразу з аэрапорта, то там ёсць і еўра. Магчыма, каля ста.

– Як вы дома, у прыватных умовах звяртаецеся да сваёй жонкі, як яе называеце?


– Па рознаму. Але звычайна па імені – Насця. А да дачкі – Ева.

– Якая ў вас ёсць сямейная традыцыя, якой вы пастаянна прытрымліваецеся?


– Мы ходзім у царкву ўвесь час сам’ёй. І напэўна, ужо як маёй дачцэ споўнілася тры тыдні, з гэтага часу мы яе таксама бяром у царкву. Гэта сталая традыцыя. Што тычыцца астатніх, то я такі чалавек, які любіць жыць экспромтам, я ніколі не люблю планаваць. Асабліва, што тычыцца сваіх прыватных спраў ці прыватнага жыцця. Наста трохі супрацьлеглая – яна любіць планаваць. Але мы адпачываем разам, мы разам праводзім вечары дома. На жаль, гэта рэдкая магчымасць для мяне апошнія паўгода.

– Якія б святы, пазначаныя чырвоным у сённяшнім календары, вы б выкраслілі, а якія – дадалі?

Усе б камуністычныя святы выкрасліў.
А Дзень незалежнасці павінен святкавацца ў сакавіку. Гэта павінен быць дзень заснавання Беларускай народнай рэспублікі. І Чарнобыльскі шлях павінен быць адзначаны – гэта дзень смутку. Таксама ён павінен святкавацца як Дзень падзякі тым людзям, якія баранілі нас ад чарнобыльскай катастрофы. Трэба 8 верасня зрабіць Днём беларускай вайсковай славы. А не 23 лютага, так у нас здаецца? Я не святкую, таму нават ужо і забыўся.

– На ваш погляд, колькі павінна каштаваць у нашай краіне гарэлка?

– Хацелася б сказаць, што яна павінна каштаваць вышэй, але я ведаю, што калі кошты на гарэлку падымаюцца, то павялічваецца колькасць самагонаварэння, і людзі зноў труцяцца.

– Колькі ў вас сапраўды блізкіх сяброў, і ці ўдзельнічаюць яны ў вашай кампаніі?

У мяне досыць шмат сяброў цяпер. Я нават не ведаю лічбы.
Ніколі не задаваўся пытаннем, каб падлічыць. Але я маю такое шчасце, каб мець людзей, з якімі можна быць адкрытым. І многія з іх удзельнічаюць у гэтай кампаніі. Хаця я асабіста ніводнага з іх не прасіў пра гэта адмыслова.

– У якую паліклініку вы ходзіце, калі раптам прыхварэеце?

– Часам дачку даводзіцца ў паліклініку вадзіць. Для дзяцей абавязковыя наведванні дактароў. А сам я не хаджу ў паліклініку ўжо некалькі год. Не лічу патрэбным хадзіць у паліклініку, калі ёсць прастуда. Гэта толькі адымаць час у дактароў. І ў нашых паліклініках можна хутчэй захварэць, чым паправіцца. Там людзі і хворыя, і здаровыя побач. Пакуль што абыходзіўся без дактароў.

– Распавядзіце першы, які прыйдзе ў галаву, анекдот.

– Анекдот пра выбары, актуальны, на жаль стары, і многія слухачы яго ведаюць. На раніцу пасля чарговых выбараў Лідзія Ярмошына прыходзіць да Аляксандра і кажа: “У мяне дзве навіны: адна кепская, а другая – добрая”. Ён кажа: “Пачынайце з добрай”. Яна яму адказвае: “Добрая, што вы ізноў элегантна перамаглі”. Ён здзіўляецца: “Якая ж можа быць дрэнная навіна?!” “Дрэнная тая, што за вас ізноў ніхто не прагаласаваў”. Такі анекдот вельмі актуальны. Я яго часта выбаршчыкам на сустрэчах у рэгіёнах расказваю. Многія яго не ведаюць.



– З чаго вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?

– Сярод лідэраў партыі – я адзін з нямногіх, хто мае досыць вялікі палітычны досвед.

– Я разумею, што вас партыя вылучыла. Але вы пра сябе думаеце: “Я магу кіраваць краінай таму, што ў мяне вялікі палітычны досвед”. І ўсё? Толькі таму?

– Не толькі таму. За мной стаіць каманда. Фактычна, тое, што мы здолелі сабраць 100 тысяч подпісаў, што мы здольныя зараз праводзіць кампанію – гэта ўсё не дзякуючы таму, што мы маем падтрымку з Расіі альбо з Захаду. Дзякуючы таму, што мы маем каманду людзей па ўсёй Беларусі. Ёсць ужо каго прызначаць і кіраўнікамі выканаўчай улады, ёсць каманда. Ёсць каму дапамагаць і ёсць каму кантраляваць. А гэта галоўнае для прэзідэнта.

– У свядомасці шмат каго з беларусаў Лукашэнка атаясамліваецца са стабільнасцю. А Віталь Рымашэўскі гэта што, што вы несяце людзям?

– Маральную палітыку, палітыку заснаваную на хрысціянскіх каштоўнасцях. Новае бачанне Беларусі і новая канцэпцыя беларускай нацыянальнай палітыкі.

– Віталь Рымашэўскі стаў прэзідэнтам. Ці ёсць каго прызначыць на месцы сённяшніх міністраў, губернатараў? Ці ўсіх сённяшніх міністраў вы звольніце з працы?

– Ёсць каго прызначыць. Наконт губернатараў і выканаўчай улады мы безумоўна гэта ўробім у першую чаргу. Што тычыцца тых людзей, якія сёння працуюць у міністэрствах, то не ўсіх іх трэба звальняць. Таго ж самага Латушку трэба калі не міністрам пакінуць, то працаваць у гэтым міністэрстве безумоўна. Бо нават у нашых умовах сёе-тое ён робіць. Таму дадзім дарогу прафесіяналам, дадзім магчымасці раскрыць ім свой патэнцыял.

– Вы сказалі, што на пасады рэгіянальных кіраўнікоў прызначыце сваіх рэгіянальных лідэраў. Вы за тое, каб губернатараў і мэраў прызначаць ці ўсё ж абіраць?

– Мы за тое, каб губернатараў, мэраў, кіраўнікоў усіх узроўняў абіраць. Але да гэтага трэба прайсці шлях. І безумоўна, мы павінны захаваць максімальную стабільнасць у гэты час. Каб гэта быў не хаос, а паступовыя рэформы. На гэты час выканаўчая ўлада патрэбна. Паступова мы будзем змяншаць яе функцыі да максімальнага.

– Які лёс пры вашым прэзідэнцтве чакае такія арганізацыі, як “Белая Русь” і БРСМ?


– Трэба, каб суд разгледзеў: ці законна дзейнічаюць гэтыя арганізацыі. І згодна з яго рашэннем будзем прымаць меры.

– Што вы плануеце зрабіць, каб спыніць рост коштаў?

– Для таго, каб не раслі кошты, а раслі заробкі, для гэтага патрэбна рэформа ўсёй эканамічнай сістэмы. У нас ёсць праграма пэўная для гэтага і я лічу, што мы можам паспяхова яе рэалізаваць за год-два.

– На ваш погляд, што трэба зрабіць з тымі нерэнтабельнымі прадпрыемствамі, якія сёння выжываюць за кошт дзяржаўных датацый?

– Іх трэба прыватызаваць. Я думаю, неблагая практыка, калі тыя прадпрыемствы, якія прыватызуюцца, яны прыватызуюцца на ўмовах стоадсоткавага працаўладкавання людзей, якія працуюць на гэтым прадпрыемстве. Яны могуць быць перапрафіліраваныя, і гэтыя людзі могуць займацца іншай дзейнасцю, але трэба, каб у выніку прыватызацыі не павялічвалася беспрацоўе.

– Знойдуцца прадпрыемствы, якія ўжо нічога не выратуе, якіх чакае банкруцтва. Ці ёсць праграма, што рабіць з людзьмі, якія страцяць працу ў выніку гэтага?

– Ёсць. І сутнасць яе вельмі простая і празрыстая: стварэнне новых працоўных месцаў за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў. За кошт таго, што мы дадзім свабоду малому і сярэдняму бізнэсу. Тым людзям, якія фактычна забяспечваюць працай іншых. Малыя прадпрыемствы, сярэднія – за кошт інвестыцый у Беларусі будзе будаўніцтва і адкрыццё новых заводаў.

– Я чуў такое меркаванне, што з прыходам да ўлады Віталя Рымашэўскага і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі яны могуць паспрабаваць зрабіць з Беларусі рэлігійную дзяржаву. Што вы на гэта адкажыце?

– Гэта глупства. Кожная спроба зрабіць рэлігійную дзяржаву заканчвалася крахам. Мы дастаткова адукаваныя людзі і ведаем гэтыя гістарычныя прыклады. Хрысціянства – гэта той падыход, які дазволіў мірна суіснаваць людзям розных поглядаў.

– Што будзе з “Лініяй Сталіна”?

– “Лініяй Сталіна” павінна застацца. Толькі яна будзе перапрафіліравана, і туды можна звесці ўсе помнікі Леніна, якія ёсць у Беларусі, усе помнікі іншым злачынцам. Для таго, каб там быў музей злачынстваў камунізму.

– Ці патрэбна Беларусі размеркаванне?


– Не патрэбна. Размеркаванне – гэта сённяшняе прыгоннае права для студэнтаў Беларусі. Яго трэба спыніць. Тым больш, што студэнтаў размяркоўваюць як прыгонных сялян некалі ў Расійскай імперыі ў тыя месцы, дзе яны трацяць сваё здароўе. У чарнобыльскую зону пасылаюць маладых хлопцаў, дзяўчат. На вельмі нізкія заробкі, у вельмі кепскія ўмовы. Гэтую практыку трэба спыніць.



–Калі маладым сем’ям дадуць магчымасць хутка пабудаваць кватэру?


Маладым сем’ям дадуць хутка пабудаваць жыллё, я нават скажу больш – маладыя сем’і будуць забяспечаныя стоадсоткава кватэрамі, калі Віталь Рымашэўскі стане прэзідэнтам гэтай краіны, і Беларуская хрысціянская дэмакратыя прыйдзе да ўлады.
Мы ўвядзем іпатэку. Гэта азначае, што не трэба будзе чакаць, пакуль кватэра пабудуецца. Людзі змогуць браць крэдыт і засяляцца ў жыллё, паступова выплачваючы гэтыя грошы дзяржаве. Так ва ўсіх нармальных краінах. Калі гэтага не зрабіць, то маладыя людзі не будуць мець магчымасці нармальна заводзіць сем’і, нараджаць столькі дзяцей, колькі ім хочацца. Па-другое, трэба спыніць карупцыйныя схемы, якія існуюць у беларускім будаўніцтве. І кошты на жыллё будуць ніжэй. Лужкоў стаіць за высокімі коштамі на кватэры ў Мінску. Я вам як будаўнік хачу сказаць, немагчыма, каб кошты на жыллё ў Мінску былі ў 2-3 разы вышэй, чым у рэгіянальным горадзе – сабекошт прыкладна аднолькавы! І яшчэ адзін з пунктаў нашай праграмы: дапамога па наглядзе за дзіцяці да 5 год павінна быць на ўзроўні сярэдняга заробка. І да 10 год – палова сярэдняга заробка. Тады беларусы пачнуць нараджаць, і нацыя спыніць гэты шлях да вымірання.

–Ці не стане жыццё горш, чым яно ёсць цяпер?

– Цяжка ўявіць, што жыццё можа быць яшчэ горш. Яно і так кепскае і пагаршаецца з кожным месяцам усё больш і больш. Будзем рабіць усё магчымае і жыццё будзе лепш. Я дакладна магу сказаць.

–Мяне хвалююць узаемаадносіны з Расіяй, бо я там працую. Аб’яднаемся мы з Расіяй ці не, увядзем адзіную валюту ці не?


– Не. Мы не ўвядзем адзіную валюту, таму што гэта будзе мець кепскія наступствы для беларускай эканомікі. Расійская эканоміка – гэта далёка не ўзор. Расійская эканоміка, ні для каго не сакрэт, трымаецца цяпер за кошт высокіх коштаў на нафту, за кошт продажу гэтай сыравіны. Гэта не лепшая эканоміка, там не лепшыя прадпрыемствы, на жаль. І гэта будзе проста шлях у тупік – эканамічная інтэграцыя, увядзенне адзінага рубля. Нам трэба далучацца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. З Расіяй трэба мець нармальныя стасункі, не трэба іх пагаршаць.

–Наколькі, на ваш погляд, магчымы бязвізавы ўезд беларусаў у Еўрасаюз, і калі гэта магчыма?

– Вельмі рэальна. І магчыма ў кожны момант, калі беларуская ўлада гэтага захоча. Гэта можна зрабіць за вельмі кароткі прамежак часу. Я сустракаўся са многімі еўрапейскімі палітыкамі. Яны кажуць, што для Беларусі гэта вельмі рэальна. Беларусь маленькая краіна – 10 мільёнаў, на жаль, цяпер ужо менш, насельніцтва. Адукаванага насельніцтва, не горшага сярод іншых краін. Для Еўропы не ёсць вялікай праблемай зрабіць бязвізавы ўезд. Асабліва ў сённяшняй палітычнай сітуацыі. Усё залежыць ад беларускіх уладаў. Калі ўлада зменіцца, такі бязвізавы ўезд будзе.

– Але ў нас адкрытая мяжа з Расіяй, а там столькі жадаючых?..

– Але ўезд будзе толькі для грамадзян Беларусі! Ніякіх праблем тут няма – мяжа застанецца.

– Ці будзеце вы ўцягваць сваю жонку ў вялікую палітыку і ў якім выглядзе?

– Я нікога ў палітыку не ўцягваю! Я пра сяброў сваіх казаў. Тое ж самае тычыцца Насці. Але магу адкрыта сказаць: не ведаю, ці буду я самым лепшым прэзідэнтам для Беларусі, але мая жонка – адна з самых лепшых лэдзі не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе, і ў свеце. Зразумела, што жонка прэзідэнта заўсёды займае важнае месца. Наста мае сваю актыўную грамадскую пазіцыю, свае палітычныя перакананні. Яна заўсёды была актыўным чалавекам палітычным. Зараз яна найбольш займаецца дачкой, але таксама дапамагае ў працы БХД. Не таму, што я прашу ці прымушаю, а таму, што гэта яе жаданне. Таму, я думаю, яна будзе ўдзельнічаць настолькі, наколькі сама захоча. Але я перакананы, што гэты ўдзел будзе актыўным.

– Вы будзеце не супраць гэтага?

– Толькі “за”, безумоўна толькі “за”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі