Сабраць дзіця ў школу: ад 70 тысяч да мільёна!
Нехта набывае толькі контурную мапу і лабараторны сшытак, а некаторыя скупляюць усе магчымыя дапаможнікі.
Дзесяць дзён да пачатку навучальнага года: бацькі рыхтуюць дзяцей да школы. Каля шапіка Белкнігі ў Мінску цэлая чарга бацькоў. Набываюць сшыткі, асадкі, дапаможнікі.
"Аддаюць па 300-500 тысяч за канцылярскія вырабы, сшыткі, дапаможнікі. Некаторыя і па мільёне пакідаюць", ― падлічвае прадаўшчыца ў шапіку.
Наталля Аляксандраўна збірае ў шосты клас дачку. Дапаможнікаў набылі ўжо на 200 тысяч і гэта не ўсё:
"Мы па кожным прадмеце набываем. Агулам па 10 прадметах трэба, гэта па 13-14 тысяч на кожны", ― распавядае Наталля.
Дзве дзяўчынкі, Света і Аліна ідуць у 9 клас. На дапаможнікі ў адрозненне ад іншых школьніц трацяць усяго каля 70 тысяч:
"Нам не шмат трэба дапаможнікаў. Усё па спісе, які ў школе далі".
Некаторыя проста бяруць дапаможнікі па адным ці двух прадметах, болей не трэба. У Мінадукацыі раяць пытацца ў настаўнікаў, што менавіта трэба набываць.
"Звычайна купляюць усё пасля бацькоўскіх сходаў, многія наогул на клас набываюць. Настаўнікі кажуць, што канкрэтна патрэбнае. Гэта высвятляецца на сходах, пасля таго, як бацькі параяцца. Выдавецтвы прапануюць па максімуме, але гэта не значыць, што ўсё трэба".
Класны кіраўнік 10 класа сталічнай школы Максім Баравік раіць сваім вучням набываць толькі контурныя мапы па геаграфіі і лабараторны сшытак па хіміі. Больш не трэба нічога і нават лабараторны сшытак можна адкапіраваць.
"Можа, бацькі некаторыя не ведаюць. Але мы ж не прымушаем нічога скупляць, толькі тое, што трэба. Гэтыя два найменні толькі, гэта ж не вельмі дорага. Бывае, што самі настаўнікі нешта прапануюць, па рускай мове, напрыклад".
Калі абысціся толькі контурнай мапай і лабараторным сшыткам, выйдзе не больш за 50 тысяч. А вось калі набываць усе дапаможнікі, напрыклад, для шостага класа, можа зацягнуць больш, чым на 300 тысяч. Калі прыплюсаваць сшыткі, асадкі, алоўкі і плату за карыстанне падручнікамі (не кажучы пра вопратку), то выйдзе прыстойная сума.
Фота: newslex.ru