Сацапытанне: абавязкова ўдзельнічаць у канстытуцыйным рэферэндуме плануюць 38,2%
Удзельнічаць у рэферэндуме па новай Канстытуцыі плануюць 38,2% беларусаў. Такія лічбы паказала сацапытанне, якое правёў цэнтр сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ. Пра вынікі сацапытання ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" расказала кіраўніца цэнтра, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Ірына Лашук.
Апытанне праводзілася праз мабільны тэлефон, у ім удзельнічалі тысяча чалавек з усёй Беларусі.
У падтрымку рэферэндуму выказаліся 62% апытаных (43,8% — "падтрымліваюць" і 18,3% — "хутчэй падтрымліваюць"). Пра неабходнасць зменаў у Канстытуцыю заявілі 63,1% (32% — "так" і 30,4% — "хутчэй так").
38,2% апытаных сказалі, што абавязкова пойдуць галасаваць на рэферэндум, і 21,6 — "хутчэй, пойдуць". Адназначна праігнараваць галасаванне плануюць 19,4% апытаных, а 11,2% не вызначыліся.
Амаль 24% ўпэўненыя ў значных пазітыўных пераменах у выніку рэферэндуму, але амаль столькі ж людзей лічыць, што нічога не зменіцца. На нязначныя паляпшэнні разлічваюць 26,3%, а каля 4% мяркуюць, што сітуацыя значна пагоршыцца.
Па словах дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалая Мысліўца, перад рэферэндумам у краіне праводзяць маштабнае сацдаследаванне. У ім удзельнічаюць 10 тысяч рэспандэнтаў, якія адказваюць на 24 пытанні.
Улады плануюць правесці рэферэндум па зменах у Канстытуцыю ў лютым 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.