Сацыяльныя таксі перасталі дапамагаць дзецям-інвалідам
Чыноўнікі праміргалі закон пра аўтакрэслы, якія сталі абавязковымі для дзяцей узростам да 12 год.
Так званыя сацыяльныя таксі часова перасталі перавозіць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, якім не споўнілася 12 год ці рост якіх не дасягнуў 150 см. Ад 16 студзеня адбыліся змены ў “Правілах дарожнага руху”, якія цяпер прадугледжваюць абавязковае выкарыстанне дзіцячых аўтакрэслаў. І хоць для службаў таксі гэтая норма неабавязковыя, але мікрааўтобусаў, якія перавозяць інвалідаў, гэта не тычыцца.
“Мы былі трошкі не падрыхтаваныя да гэтага. Але зараз пытанне ў стадыі вырашэння, — канстатуе ў эфіры тэлеканала СТБ дырэктар сталічнага тралейбуснага парку №4 Аляксандр Радзевіч. У тым ліку і яго прадпрыемства прадастаўляе мікрааўтобусы для сацыяльнага таксі. — Ужо сёння вырашаецца пытанне па куплі спецыяльных крэслаў, якія ўсталююць у гэтых аўтамабілях. І ўсе праблемы будуць знятыя”.
“Сацыяльныя таксі” дастаўляюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў лекавыя ўстановы ці да месца навучання. Праўда, замаўляць такую бясплатную паслугу раяць як мінімум за тыдзень. На ўвесь Мінск працуе толькі тузін такіх мікрааўтобусаў.
Фота — minsknews.by