Сафар'ян: МУС не хоча чуць нашы прапановы наконт фанатаў
У Доме футбола 28 кастрычніка прайшоў брыфінг першага намесніка старшыні Федэрацыі футбола Сяргея Сафар'яна. Падчас яго спартовы чыноўнік пракаментаваў сітуацыю з фанатамі, затрыманымі на матчы зборных Беларусі і Македоніі. Нагадаем, што трох фанатаў міліцыянты затрымалі за шалікі з "Пагоняй", але заявілі, што тыя лаяліся матам і не падпарадкоўваліся патрабаванням праваахоўнікаў.
Сафар'ян адзначыў, што федэрацыя не можа паўплываць на гэтую сітуацыю, бо МУС не дзеліцца інфармацыяй: "Быў персанальны ліст, у якім гаварылася пра тое, што мы не падтрымліваем дзеянні. У гэтай сітуацыі стаіць шматкроп'е..."
Разам з тым ён зазначыў, што Федэрацыя футбола мае прапанову наконт гэтай сітуацыі, але МУС не хоча чуць яе. Па словах Сафар'яна, старшыня БФФ Сяргей Румас будзе сустракацца з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам і абмяркоўваць з ім асабіста.
"Мы не хочам, каб супраць заўзятараў прадпрымаліся несумленныя дзеянні", — цытуе "Прессбол" словы Сафар'яна. Федэрацыя футбола зацікаўленая ў тым, каб павялічваць колькасць заўзятараў і паляпшаць стаўленне міліцыянтаў да іх. "Хочам, каб не работнікі міліцыі давалі паказанні ў судзе, а незацікаўленыя асобы", — патлумачыў чыноўнік.
Фота: by.tribuna.com