Санкцыі як сацыяльны ліфт. Ці дапамагаюць яны ў кар’еры чыноўнікам і сілавікам
Бонусы за палітычную лаяльнасць
За апошнія чатыры гады пад персанальныя санкцыі краінаў Захаду трапілі дзясяткі беларусаў: чыноўнікі і дзяржслужбоўцы, прапагандысты, сілавікі, бізнесоўцы, суддзі і пракуроры. Нягледзячы на ўсе нязручнасці і абмежаванні, большасць з іх працягвае аддана працаваць на карысць беларускага аўтарытарызму.
Еўрарадыё разбіралася, ці стымулюе рэжым лаяльнасць сваіх прыхільнікаў дадатковымі бонусамі: узнагародамі, грашыма і новымі пасадамі. А можа, сацыяльны ліфт сярод падсанкцыйных лукашыстаў — не болей чым міф?
Ад рэпарцёра да зоркі дзяржпрапаганды
Палітычны крызіс і вайна ва Украіне зрабілі з Рыгора Азаронка сапраўдную прапагандысцкую зорку. З шараговага рэпарцёра тэлеканала СТБ ён ператварыўся ў вядоўцу некалькіх перадач (“Ордэн Іуды”, “Паноптыкум”, “Азаронак. Наўпрост” і г.д.), у якіх ён палівае адборным брудам дэмакратычныя сілы і ўсіх праціўнікаў Лукашэнкі і Пуціна.
Адданасць прапагандыста дыктатуры падтрымліваецца і персанальнай увагай з боку ўладаў. Азаронка запрашалі на святкаванне Новага года з Лукашэнкам, узнагародзілі кувалдай і медалём “За адвагу”, далі пасаду выкладчыка медыябізнесу ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Прапагандыст знаходзіцца ў санкцыйных спісах усіх краін Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Канады і Украіны.
З генеральнага сакратара Чырвонага Крыжа — у дэпутаты
Папаўзла ўгару і кар’ера Дзмітрыя Шаўцова, генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа. Мужчына дапамагаў вывозіць украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый і сам наведваў Данбас у вопратцы з сімвалам Z. За гэта яго не толькі пераабралі кіраўніком арганізацыі, але і “абралі” гэтай зімой дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Супраць Шаўцова ЗША ўвялі санкцыі, а таксама ён ўключаны ў 13-ы санкцыйны пакет Еўрасаюза.
Ветэран санкцыйных спісаў
Мацёрага сілавіка Андрэя Шведа санкцыямі не напалохаеш. Ён упершыню трапіў пад абмежаванні Еўрасаюза яшчэ ў 2011 годзе — за пераслед Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” і будучага лаўрэата Нобелеўскай прэміі.
У 2013 годзе Швед стаў кіраўніком толькі што створанага Дзяржкамітэта судовых экспертыз. А 9 верасня 2020 года на хвалі заціскання пратэстаў ачоліў Генпракуратуру. У свае “чорныя спісы” яго ўключаюць ЗША, Канада, Японія, Украіна, увесь Еўрасаюз і іншыя краіны свету.
У Вярхоўны суд — без вышэйшай адукацыі
Ангажаваныя палітычныя прысуды актывісту Вітольду Ашурку, удзельнікам “справы Аўтуховіча” і г.д. за тры гады паднялі суддзю з Ліды Максіма Філатава да рэспубліканскага ўзроўню. У ліпені 2023 года яго прызначылі суддзёй Вярхоўнага суда — пры тым, што ён мае толькі сярэднюю юрыдычную адукацыю: скончыў Лідскі педагагічны каледж.
За сваю трагічную для беларусаў актыўнасць лідчанін трапіў у чацвёрты санкцыйны спіс Еўрасаюза.
“Хто быў нікім — нікім і застаўся”
Як відаць, персанальныя санкцыі — адметнасць уплывовых прыхільнікаў рэжыму. Пытанне толькі ў тым, ці сапраўды яны дапамагаюць будаваць кар’еру і зарабляць вялікія грошы ў сістэме ўлады Лукашэнкі. Анатоль Котаў, палітолаг і былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта, лічыць, што хутчэй не, чым так.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.