У лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне — беларускія карані!
Віктар Эмбрас
У лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне за 2024 год Віктара Эмбраса знайшліся беларускія карані. Еўрарадыё вывучыла біяграфію навукоўца, які адкрыў мРНК, і знайшло там згадкі беларускіх вёсак.
Бацька вучонага, Лонгін Багдан Эмбрас, нарадзіўся ў вёсцы Дардзішкі. Гэта адбылося ў кастрычніку 1924 года, роўна за 100 гадоў да таго, як яго сын атрымаў Нобелеўскую прэмію.
У англамоўных крыніцах Дардзішкі згадваюцца як польская вёска. Верагодна, гэта тлумачыцца тым, што ў міжваенны час тэрыторыя Заходняй Беларусі была часткай Польшчы. Аднак з гістарычных дакументаў становіцца ясна, што задоўга да таго Дардзішкі ўваходзілі ў Ашмянскі дэканат, які сёння адносіцца да Гродзенскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы.
З тых часоў назва вёскі крыху змянілася. Цяпер яна называецца Доргішкі — і па-ранейшаму знаходзіцца ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці.
Сам Віктар Эмбрас згадвае, што яго бацька быў польскім уцекачом. Пасля Другой сусветнай вайны ён пераехаў у ЗША. Менавіта там, у мястэчку Хановер у штаце Нью-Гэмпшыр, 1 снежня 1953 года і нарадзіўся навуковец.
7 кастрычніка 2024 года Віктар Эмбрас і Гэры Раўкан былі названыя лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па медыцыне і фізіялогіі. Яны атрымалі ўзнагароду за адкрыццё мРНК, здзейсненае яшчэ ў пачатку 1990-х. Сёння адкрыццё Эмбраса і Раўкана актыўна ўжываецца ў медыцыне — напрыклад, без яго не было б і мРНК-вакцын ад каранавіруса і іншых хвароб. Таксама дзякуючы вывучэнню мРНК медыкі і навукоўцы знаходзяць схільнасці да розных захворванняў, уключаючы рак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.