Палітвязню Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення, ён — у СІЗА КДБ

Юрый Зянковіч падчас суда і пасля турмы

Юрый Зянковіч падчас суда і пасля турмы / калаж "Вясны"

Палітвязню Юрыю Зянковічу дадалі яшчэ 2 гады зняволення, ён — у СІЗА КДБ, паведамляюць праваабаронцы.

Зянковіч амаль 3,5 года ўтрымліваецца ў зняволенні. За гэты час яго ўжо тройчы судзілі (у жніўні за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы"), перавялі на турэмны рэжым. 

У зняволенні на палітвязня ўвесь час аказваецца ціск. На знак пратэсту ён некалькі разоў трымаў галадоўку. У Юрыя Зянковіча за кратамі сур'ёзна пагоршылася здароўе. Летам з невядомых прычын яго перавялі ў СІЗА КДБ. А ў верасні па БТ выйшаў фільм, у якім моцна схуднелы Зянковіч расказваў пра тое, як у 2021 годзе нібыта хацеў "захапіць уладу".

Юрый Зянковіч — юрыст, мае грамадзянства Беларусі і ЗША. Яго затрымалі ў красавіку 2021-га ў Маскве па справе аб "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" у Беларусі і вывезены на радзіму. У верасні 2022-га асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зянковіч быў прызнаны вінаватым не толькі ў "змове", але і ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім", "публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады", "распальванні сацыяльнай варожасці". 

У канцы 2022 года палітвязня судзілі па справе аб "абразе прадстаўніка ўлады". Спачатку ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, пазней яго перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Агульны тэрмін — 13 гадоў і шэсць месяцаў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі