Зянковіч асуджаны на 11 гадоў калоніі, Фядута і Кастусёў — на 10 гадоў кожны
5 верасня ў Мінску агучаны прысуд па гучнай справе аб "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". Юрыст Юрый Зянковіч (ён мае і грамадзянства ЗША) асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, палітык Рыгор Кастусёў — на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны (пракурор прасіў для іх па 12 гадоў). Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук асуджаны на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за "актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (пракурор прасіў для іх па 3 гады).
Крымінальную справу з ліпеня разглядаў Мінскі абласны суд. Зянковіч прызнаны вінаватым не толькі ў "змове", але і ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім", "публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады", "распальванні сацыяльнай варожасці". Пры гэтым ён адзіны, хто пайшоў на здзелку са следствам.
Усе абвінавачаныя за кратамі з вясны 2021-га. Па версіі следства, у Беларусі рыхтаваўся "дзяржаўны пераварот". З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за "змоўшчыкамі" працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі (адвакаты заявілі пра правакацыю).
Усе, акрамя Рыгора Кастусёва, прызналі сваю віну (Аляксандр Фядута прызнаў яе часткова).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.