Стала вядома, за што чарговы раз судзяць палітвязня Юрыя Зянковіча

Юрый Зянковіч на судзе / mlyn.by
Юрый Зянковіч на судзе / mlyn.by

На чарговым судзе палітвязня Юрыя Зянковіча судзяць за абразу прадстаўніка ўлады, піша дзяржаўнае выданне "Мінская праўда".

Нібыта, у 2020-2021 гадах Зянковіч "неаднаразова з пачуцця помсты ад свайго імя пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім". Пацярпелымі выступаюць тры міліцыянты з Мядзельскага раёна.

Суддзя Аляксандр Шутко па хадайніцтве дзяржабвінавачання зрабіў працэс закрытым.

Адвакат Зянковіча лічыць, што доказаў віны ягонага падабароннага няма.

"Не вядомыя ні месца, ні час, ні тое, хто канкрэтна дасылаў гэтыя паведамленні. Гэта нічым не пацвяржаецца практычна. А ўсе сумневы павінны трактавацца на карысць майго падабароннага", — кажа адвакат.

Падчас пасяджэння Зянковіч назваў імёны людзей, якія мелі доступ да яго гаджэтаў і маглі пакінуць каментар. Таксама ён паведаміў, што працоўны тэлеграм быў усталяваны на яго камп'ютары ў офісе, куды таксама мелі доступ іншыя людзі.

Зянковічу 45 гадоў. Ён юрыст, мае грамадзянства Беларусі і ЗША. У верасні яго асудзілі на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па справе аб "змове з мэтай перавароту". Зянковіча прызналі вінаватым не толькі ў "змове", але і ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім", "публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады", "распальванні сацыяльнай варожасці". Пры гэтым ён быў адзіным, хто пайшоў на здзелку са следствам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі