Сапега: Была пустыня з аазісамі, а цяпер — малады лес, дзе можна прагуляцца

Напярэдадні гала-канцэрта “Барабанны біт” меркаванні прыхільнікаў фестывалю падзяляюцца на дзве часткі. Адны запэўніваюць, што фэст не развіваецца і “спекулюе” на адных і тых жа імёнах. Другія — падтрымліваюць абраны фармат. Каб разабрацца, якім жа “Барабанны біт” мусіць быць, мы рушым у ДК МТЗ, дзе і праходзіць 9-ты конкурс-фестываль.

Lipnitsky Show Orchestra 

Сябра журы, вядомы беларускі бубнач Кірыл Шавандо, якога мы сустракаем за кулісамі, адразу ж расстаўляе ўсе кропкі над “і”:

“Барабанны біт” — гэта перш за ўсе конкурс, а не толькі гала-канцэрт, да якога прызвычаіліся наведвальнікі імпрэзы. А паколькі галоўная ідэя фестывалю — адукацыйная, то з гэтай задачай “Барабанны біт” спраўляецца на выдатна, — лічыць бубнач. — З’яўленне новых імёнаў, новых людзей, якія ў гэты праект уліваюцца — галоўная задача. Узяць мех грошай і запрасіць якую-небудзь зорку — не фокус. Трэба, каб да нас хацелі прыехаць за грошы ці без грошай. Проста каб далучыцца да пэўнага творчага працэсу”.

Кірыл Шэвандо і лаўрэат 2-ой ступені Антон Нікіцін 

Сусветна вядомыя зоркі на фестываль пакуль не імкнуцца, а вось першыя міжнародныя канкурсанты ў “Барабаннага біта” ужо ёсць — сёлета заяўкі на ўдзел падаюць бубначы з краін СНД і Прыбалтыкі.

“Я шмат чуў пра гэты фестываль ад знаёмых бубначоў, — узгадвае інтэрнэт-знаёмства з фэстам Антон Нікіцін з Яраслаўля, які сёлета займае другое месца. — Тут мы знаёмых не сустрэлі, але пазнаёміліся з новымі музыкантамі і ўбачылі выдатны ўзровень выканання. Мы заўжды ставім сабе планку, што будзе вельмі моцны канкурэнт. І тут гэтая стаўка апраўдалася. Фестываль сапраўды ладзіцца на выдатным узроўні, таму доўгіх яму гадоў!”

Антон Нікіцін 

Лаўрэат 1-ай ступені — Ягор Даронкін   

За 9 гадоў правядзення “Барабаннага біту” стваральніку фестывалю, Аляксандру Сапегу, даводзіцца прымераць не толькі ролю галоўнага арганізатара, але і... садоўніка!

“Я думаю, што за гэты час цалкам змяніўся ландшафт беларускай ударнай музыкі. Калі раней гэта былі астраўкі, раскіданыя то тут, то там, то цяпер у нас з’явілася сапраўдная суполка бубначоў! — не без задавальнення кажа Аляксандр. — Некаторыя з іх удзельнічаюць у фестывалі па другім і па трэцім разе. Мне падаецца, што менавіта з гэтым звязаныя нашы відавочныя поспехі сёлета, і самы галоўны з іх — змены барабаннага ландшафту Беларусі. У нас падраслі дрэвы! Была пустыня з аазісамі, а цяпер — малады лес, дзе можна прагуляцца”.

Аляксандр Сапега

Вядучы імпрэзы — Аляксандр Памідораў 

Сёлета галоўную стаўку арганізатары зрабілі на беларускую бубначку Вікі Фэйтс. Прывазных зорак Аляксандр Сапега пакідае на 10-годдзе фестывалю, якое будзе ў 2014-м годзе.

Тым часам за кулісамі сцэны ствараецца сапраўдны натоўп — да выступу рыхтуецца “самая вядомая бубначка Беларусі” Вікі Фэйтс. “Металічная дзяўчына”, як Вікі ласкава называюць калегі, дагэтуль не ўдзельнічала ні ў конкурсе “Барабанны біт”, ні ў гала-канцэрце. Эндорсер кампаній Pearl і Paiste, Вікі сціпла кажа, што звычайна не любіць конкурсаў, не бярэ ў іх удзел, але за “Барабанным бітам” з цікаўнасцю назірае.
 
“Тут вельмі многа цікавых музыкантаў сёння, па шчырасці, лепшых беларускіх музыкантаў, і мне вельмі падабаецца быць часткай усяго гэтага, — прызнаецца Віка. — Што тычыцца лаўрэатаў, гэта не проста таленавітыя людзі, у іх ёсць, чаму павучыцца!”

Вікі Фэйтс

За час сэту бубначкі Еўрарадыё склала цэлы спіс з жадаючых павучыцца непасрэдна ў Вікі Фэйтс. Таму, Віка, калі ўсё ж надумаеш даваць ўрокі — звяртайся!

Ян Сапега

Вячаслаў Сергіенка

Шоў Stress

 

Трыа Канстанціна Гарачага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі