Сапкоўскі напісаў яшчэ адну гісторыю пра ведзьмара — #ІхНоравы

Неўзабаве – новая кніжка пра вядзьмара

Неўзабаве – новая кніжка пра вядзьмара / @rubanau_collage

Сёння пагаворым пра рэкорды — самую старую жанчыну ў свеце, якая ціха сышла ў сне, і самую вялікую мачту на яхце, якую паламаў штармавы вецер паблізу Сіцыліі.

Але ёсць і добрыя навіны, асабліва для тых, хто любіць чытаць — польскі пісьменнік Анджэй Сапкоўскі дапісаў чарговую гісторыю пра белавалосага лаўца пачвар Геральта.

Падрабязней пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

У Іспаніі памерла найстарэйшая жанчына ў свеце

Марыя Браньяс Марэра пражыла 117 гадоў. Іспанка была ўнесеная ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы стары чалавек на зямлі.

Як піша Daily Mail, апошнія 20 гадоў жанчына правяла ў доме састарэлых. Апошнім часам яна скардзілася на слабасць. Сваякі кажуць, што рэкардсменка спакойна пайшла з жыцця ў сне.

“Час блізкі. Не плачце, я не люблю слёзы. І, перш за ўсё, не пакутуйце праз мяне”, — наказвала жанчына.

Сапкоўскі напісаў яшчэ адну гісторыю пра ведзьмара — #ІхНоравы
Жанчына ў сакавіку адзначыла 117 гадоў / Arxiu de la familia Branyas Morera

Марыя Браньяс Марэра нарадзілася 4 сакавіка 1907 года ў Сан-Францыска, але ў 8 сям'я пераехала ў Іспанію. Жанчына ўсё жыццё правяла ў Каталоніі. Перажыла дзве сусветныя вайны, іспанскі грып, грамадзянскую вайну ў Іспаніі, перахварэла на кавід, страціла мужа і аднаго з траіх дзяцей. Агулам у яе 11 унукаў і 15 праўнукаў.

Цяпер найстарэйшым чалавекам у свеце стала Таміко Ітаока, 116-гадовая японка.

Будзе новая кніжка пра ведзьмара!

Польскі пісьменнік Анджэй Сапкоўскі скончыў новую кнігу пра ведзьмара Геральта з Рывіі, фантастычнага героя, з якім выраслі аматары фэнтэзі старэйшага пакалення.

— Паглядзім, але ніхто не ведае, што прынясе будучыня. У мяне пакуль няма ніякіх планаў. Я толькі што скончыў адну кнігу, у мяне на гэта сышло каля двух гадоў... — расказаў ён у кароткім фрагменце інтэрв'ю французскага часопіса “Chimeres”, апублікаваным у Instagram.

Пра што будзе гэтая кніга, пакуль невядома. Відавочна, пра Геральта і пра тое, як ён ловіць пачвар. Апошняя кніга пра ведзьмара “Сезон навальніц” выйшла з 2013 годзе. Раней Сапкоўскі казаў, што не будзе пісаць працягу гісторыі лаўца пачвар.

— Гісторыя скончаная, сага скончаная, так што калі выпадкова я напішу што-небудзь па сусвеце “Ведзьмара”, а маю намер гэта зрабіць, напэўна, гэта будзе нешта накшталт прыквела або сіквела, — казаў ён.

Сапкоўскі напісаў яшчэ адну гісторыю пра ведзьмара — #ІхНоравы
Па кнігах Сапкоўскага пра ведзьмара зняты серыял / Netflix

Што ж, застаецца толькі чакаць выхаду новай кнігі! Ну а пакуль можна перачытаць старыя гісторыі — або нанава пазнаёміццца з сусветна вядомым героем. У перакладзе на беларускую іх публікавала выдавецтва “Янушкевіч”.

На Сіцыліі патанула яхта брытанскага Біла Гейтса

Раскошная 56-метровая парусная яхта Bayesian з 22 чалавекамі на борце патанула непадалёк ад Палерма падчас шторму. Да раніцы аўторка выратавалі 15 чалавек і паведамілі пра аднаго загінулага — гэта кухар з Канады.

Сярод зніклых без вестак налічваецца 6 чалавек. Сярод іх — 59-гадовы брытанскі IT-магнат Майк Лінч, якога параўноўваюць па ўплыве з Білам Гейтсам. Яхта, якая цяпер ляжыць на глыбіні 50 метраў, належыць яго сям’і.

Лінч — адзін з заснавальнікаў кампаніі-распрацоўніцы праграмнага забяспячэння Autonomy. Кампанію ў 2011 годзе выкупіў тэхналагічны гігант Hewlett-Packard (HP) больш чым за 11 мільёнаў долараў. Але потым HP абвінаваціла былое кіраўніцтва Autonomy у фінансавым махлярстве.

Апошнія 10 гадоў Лінч ходзіць па судах. У чэрвені суд прысяжных у Сан-Францыска апраўдаў Лінча.

Сапкоўскі напісаў яшчэ адну гісторыю пра ведзьмара — #ІхНоравы
Яхта за пару дзён да шторма / FABIO LA BIANCA / BAIA SANTA NICOLICCHIA / AFP

Вядома, што на яхце была таксама 19-гадовая дачка бізнесмена Ханна. Жонку Майка Лінча Анджэлу Бакарэс выратавалі і шпіталізавалі.

Італьянская выратавальная служба паведамляе, што на яхце быў і Джонатан Блумер, старшыня рады дырэктараў Morgan Stanley International, з жонкай і адвакатам.

На яхце Bayesian італьянскай вытворчасці ўсталяваная 75-метровая мачта — і гэта самая вялікая алюмініевая мачта ў свеце. Па некаторых сведчаннях, вецер зламаў яе, ад чаго судна нахілілася і напоўнілася вадой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі