Саўмін Беларусі выступае супраць “радыяцыйнага” закона Мытнага саюза
Беларускі бок хоча змяніць тэхрэгламент №880, дзе норма па стронцыі ў дзіцячым харчаванні перавышана ў 13 разоў.
Нагадаем, што тэхрэгламент Мытнага саюза №880 набыў моц летась у ліпені. Праект закона, як аказалася, узгаднялі і беларускія чыноўнікі. Нормы па канцэнтрацыі стронцыю ў прадуктах харчавання ў ім паслабілі шматразова.
Да прыкладу, у дзіцячым харчаванні дазволілі 13-разовае павелічэнне канцэнтрацыі гэтага радыёнукліда. У малацэ ― больш як пяціразовае.
Ранейшыя беларускія нормы былі прапісаны ў дакуменце РДУ-99 (“Рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыёнуклідаў цэзія-137 і стронцыю-90 у харчовых прадуктах і пітной вадзе”). Прапісваліся радыяцыйныя нарматывы свяціламі беларускай навукі. Лічылася, што жорсткія лічбы гарантавалі беларусам радыяцыйную бяспеку.
Еўрарадыё неаднаразова сігналізавала аб праблеме з тэхрэгламентам №880. І вось днямі ў рэдакцыю прыйшла папера з Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Аказалася, што Савет міністраў Беларусі спрабуе рэанімаваць ранейшыя жорсткія нормы. Міністэрству аховы здароўя, Дзяржстандарту, МНС і Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне даручылі падрыхтаваць навуковае абгрунтаванне наконт недасканаласці тэхрэгламента Мытнага саюза №880.
“У далейшым матэрыялы аб захаванні дзеяння на тэрыторыі краіны нацыянальных нарматываў (РДУ-99) для спрэчных груп прадуктаў плануецца разгледзець у Еўразійскай эканамічнай камісіі”, ― паведамляецца у паперы з Мінсельгасхарчy, падпісанай намеснікам міністра Васілём Седзіным.
У рэдакцыі Еўрарадыё са стронцыевай праблемай сутыкнуліся пасля таго, як здалі на даследаванне ў лабараторыю бульбу з цэнтральнай Беларусі.
Больш як пяціразовае павелічэнне канцэнтрацыі стронцыю трактавалі як… норму. Спаслаліся на новы тэхрэгламент Мытнага саюза №880.
Непаразуменне са стронцыем узнікла не толькі з-за легкадумнасці чыноўнікаў. Партнёры Беларусі па Мытным саюзе не сутыкаліся з праблемай ад гэтага радыёнукліду. Расія папросту не атрымала такіх сумных наступстваў ад Чарнобыльскай катастрофы, як Беларусь.
Нагадаем, што паводле сучасных навуковых даследаванняў, стронцый-90 не павінен быў выйсці за межы 30-кіламетровай зоны адчужэння, якая ўтварылася пасля Чарнобыльскай катастрофы. Аднак дазіметрыя (вывучае шкоду чалавечаму арганізму ад радыяцыі) ― навука маладая. І ўсіх сумных наступстваў, якія могуць нас чакаць з-за Чарнобыльскай катастрофы, навукоўцы могуць не ведаць.
Фота svaboda.org