У Беларусі блакуюць сайты, забароненыя ў Расіі
Трафік у Беларусь ідзе праз Расію, таму блакіроўкі, зробленыя там, спрацоўваюць і для беларусаў.
Сайт looo.ch не адчыніўся праз інтэрнэт ад кампаній Velcom, "Дзелавая сетка" і Life. Замест старонкі з'яўляецца паведамленне, што гэты сайт заблакаваны згодна з… расійскім заканадаўствам. У Беларусі!
Такая ж сітуацыя і з іншымі сайтамі, унесенымі ў спіс забароненых у Расіі.
Некаторыя карыстальнікі адразу выказалі такую версію: блакіроўка з-за падзей ва Украіне. Але, як высветліла Еўрарадыё праблема ў іншым.
"У кампаніі адсутнічае магчымасць блакаваць сайты, на якія выходзяць нашы абаненты", — запэўніваюць мяне ў службе падтрымкі life. Але ж сайт нехта блакуе. Прычым, заблакаваны сайт толькі ў некаторых правайдараў. У іншых адчыняецца без праблем.
"Мы працуем праз расійскі канал, праз Ростэлеком", — тлумачаць у службе тэхпадтрымкі "Дзелавой сеткі".
Адпаведна, "Ростэлеком" не зважаючы на тое, што трафік транзітны, ужывае да яго расійскія блакіроўкі. Таму карыстальнікі ў Беларусі і не могуць патрапіць на старонку. Тое ж тлумачаць Еўрарадыё ў кампаніі Velcom:
"Ёсць рашэнне суда РФ пра блакіроўку сайтаў. Ёсць каналы пропуска трафіку і правайдары, якія даюць пропуск трафіку. Таму што трафік у Беларусь ідзе праз Расію, блакіроўкі, зробленыя там, спрацоўваюць і для беларусаў. Але да блакіроўкі указаных сайтаў мы, як аператар мабільнай сувязі, ніякага дачынення не маем".
Ніякага дачынення нібыта не маюць да блакіроўкі і іншыя правайдары. Але мне, як карыстальніку, бачна адно: сайт немагчыма адчыніць у Беларусі, але беларускім заканадаўствам ён не забаронены.
"Праблемы ў гэтым няма, — тлумачаць у тэхслужбе "Дзелавой сеткі". — Калі карыстальнік звяртаецца і указвае, якія рэсурсы заблакаваныя, гэтае пытанне мы вырашаем. Звяртаемся ў "Ростелеком" і яны блакіроўку здымаюць, бо гэтыя рэсурсы пад наша заканадаўства не трапляюць".
Але пытанне, чаму "Ростэлеком" не можа адмяніць блакіроўку на ўсе сайты для Беларусі для ўсіх беларускіх правайдараў, пакуль застаецца без адказу.