"СБ" рыхтуе публікацыю пра "дэструктыўную ролю" расійскага чыноўніка

"СБ" рыхтуе публікацыю пра "дэструктыўную ролю" расійскага чыноўніка

"СБ. Беларусь сегодня" рыхтуе публікацыю пра "дэструктыўную ролю" ў міждзяржаўных адносінах расійскага чыноўніка Сяргея Данкверта. Пра дзелавую "біяграфію" кіраўніка "Рассельгаснагляду" беларуская газета напіша ў чацвер. А пакуль выданне анансуе асноўныя тэзісы гэтага матэрыяла. Аказваецца, расіяне палюбілі беларускія тавары, але "нехта нябачны ўзводзіць сцяну, штучна перашкаджае імпарту якасных, даступных па кошце і прывабных тавараў на прылаўкі расійскіх крамаў". Данкверт, нібыта, спрабуе "замарозіць" беларускі аграпрамысловы комплекс і выціснуць "канкурэнта" з расійскай тэрыторыі. Адсюль і прэтэнзіі да якасці беларускіх прадуктаў.

"СБ. Беларусь сегодня" піша, што чыноўнік "зацікаўлены ў стварэнні крыніц напружання", "псуе эканамічныя адносіны паміж саюзнымі краінамі". Газета нагадвае пра нядаўняе эмацыйнае выказванне Аляксандра Лукашэнкі. "У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць", — сказаў кіраўнік дзяржавы падчас нарады, прысвечанай праекту дамовы аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза.

Сяргею Данкверту 61 год. "Рассельгаснаглядам" ён кіруе з 2004 года. Да таго ён чатыры гады займаў пасаду першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі