СБУ выявіла, хто навёў ракетны ўдар па вёсцы Граза ў Харкаўскай вобласці
Браты Уладзімір і Дзмітрый Мамоны
Служба бяспекі Украіны заяўляе, што выявіла двух чалавек, якія карэктавалі расійскі ракетны ўдар па кавярні ў вёсцы Граза Харкаўскай вобласці.
Гэта два мясцовыя жыхары — 30-гадовы Уладзімір Мамон і яго малодшы брат 23-гадовы Дзмітрый Мамон. Падчас акупацыі рэгіёну яны абодва перайшлі на бок Расіі і атрымалі пасады ў акупацыйным "упраўленні ўнутраных спраў ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Харкаўскай вобласці". Аднаго з іх прызначылі кіроўцам канвойнай групы, другога — інспектарам дарожна-патрульнай службы.
Перад вызваленнем рэгіёну абодва разам з сем'ямі ўцяклі з расійскімі войскамі.
У СБУ сцвярджаюць, што браты дыстанцыйна фармавалі сетку інфарматараў на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. "Пад выглядам сяброўскіх размоў і перапіскі ў месенджары здраднікі выпытвалі ў людзей звесткі аб дыслакацыі Сіл абароны і масавых мерапрыемствах на тэрыторыі рэгіёну. З пачатку сёлетняга кастрычніка абодва фігуранты пачалі збіраць інфармацыю пра запланаванае перапахаванне загінулага ўкраінскага абаронцы ў вёсцы Граза. /.../ Даведаўшыся дакладны адрас і час правядзення мірнага мерапрыемства, Уладзімір Мамон перадаў гэтыя звесткі расійскім акупантам", — заяўляюць у СБУ.
Як распавядала Еўрарадыё, удар па кавярні ў вёсцы Граза быў нанесены 5 кастрычніка. У гэты час там адбываліся памінкі па Андрэю Козыру — загінулым абаронцы Украіны. У выніку паветранай атакі загінулі 53 мірныя жыхары, у тым ліку шасцігадовае дзіця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.