Пацярпела кожная сям'я: як жыве ўкраінская вёска, дзе кожны страціў блізкага
Валерый Козыр, які страціў дачку і зяця ў выніку трапляння ракеты ў кавярню
На могілках недалёка ад маленькай украінскай вёскі Граза мясцовыя жыхары расчысцілі падлесак, каб вызваліць месца для новых магіл, расказвае Reuters.
Ад ракетнага абстрэлу ў чацвер пацярпела кожная сям'я ў вёсцы на паўночным усходзе Украіны ў Харкаўскай вобласці, загінула як мінімум 52 чалавекі.
У той дзень мясцовыя жыхары сабраліся на памінкі вайскоўца Андрэя Козыра, які быў родам з Гразы. Спачатку мужчыну пахавалі ў Дняпры, але яго сваякі вырашылі перапахаваць яго ў роднай вёсцы, піша ВВС.
Гразу абстралялі ў той момант, калі людзі прыйшлі на памінкі ў мясцовую кавярню пасля імшы. Яны садзіліся за памінальную вячэру. Сярод загінулых сын Андрэя Козыра Дзяніс, яго жонка Ніна, яго дзядуля, бабуля і цешча.
“Лепш бы я памёр”
Да абстрэлу ў Гразе было 330 жыхароў. І на памінках быў хаця б адзін чалавек ад кожнай сям'і, якая жыве ў вёсцы. Пятая частка вёскі загінула. Журналісты Reuters прыехалі на могілкі недалёка ад Гразы.
Сярод загінулых была 36-гадовая Вольга і яе муж — у іх засталося трое дзяцей.
"Было б лепш, калі б я памёр", — ціха кажа бацька Вольгі Валерый Козыр, рыхтуючыся пахаваць дачку і зяця.
Мужчына працаваў ахоўнікам у начную змену, таму ў кавярні яго не было.
Побач трое мужчын рыхтуюцца хаваць сваіх бацькоў.
"Мы страцілі 18 чалавек на адной вуліцы, дзе жылі нашы бацькі", — кажа адзін з іх.
Мясцовы жыхар Аляксандр Мухаваты расказаў, што страціў маці, брата і нявестку. Ён упэўнены, што атака была наўмыснай — цэліліся менавіта ў кавярню, а значыць, хтосьці паведаміў каардынаты і час збору.
Марыя Аўдзеева, украінскі аналітык па пытаннях бяспекі, дапусціла, што хтосьці мог расказаць пра памінкі расійскім вайскоўцам, выдаўшы інфармацыю пра месца і час збору людзей.
На нізкім стале, пастаўленым за некалькі метраў ад расстралянай кавярні, людзі ўскладаюць кветкі і запальваюць знічы ў памяць пра загінулых.
У Харкаўскай вобласці абвешчаныя тры дні жалобы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.