СБУ затрымала агента, які перадаваў звесткі ў Расію праз Беларусь
Служба бяспекі Украіны паведаміла пра затрыманне агента расійскай ваеннай выведкі, які выкарыстоўваў тэрыторыю Беларусі для сустрэчаў са сваімі куратарамі. Паводле прэс-рэлізу, змешчанага на сайце ведамства, затрыманы з’яўляецца супрацоўнікам аднаго з прадпрыемстваў канцэрну “Украбаронпрам” і жыве ў Запарожжы. У 2014 годзе яго завербавалі ў анексаваным Крыме, бо мужчына падтрымліваў ідэі “рускага міру”. Да таго ж яго “матэрыяльна зацікавілі”.
Далей, па версіі ўкраінскіх спецслужбаў, зламыснік за грошы збіраў інфармацыю пра розныя аспекты дзейнасці ВПК Украіны і сацыяльна-палітычную абстаноўку ў запарожскім рэгіёне. Сабраныя звесткі ён пасылаў сваім куратарам праз каналы электроннай сувязі, а таксама перадаваў падчас асабістых сустрэчаў, якія адбываліся то ў Крыме, то ў Расіі, то ў Беларусі.
Затрымалі яго на расійска-ўкраінскай мяжы падчас паездкі ў Варонеж на сустрэчу з куратарам. Мужчына арыштаваны на 60 дзён. Ён з’яўляецца падазраваным у дзяржаўнай здрадзе.