Сем краінаў заявілі, што Раналду несумленна атрымаў “Залаты мяч”
Уручэнне штогадовай узнагароды не абышлося без абвінавачанняў у несумленным галасаванні.
Паводле дацкіх і нарвежскіх крыніцаў, галоўныя трэнеры футбольных зборных Балівіі, Экватарыяльнай Гвінеі, Албаніі, Дамініканскай Рэспублікі, Фіджы, Кувейта і Вануату паскардзіліся на тое, што ў галасаванні за Найлепшага футбаліста свету мінулага году іх выбар быў сфальшаваны.
Так, трэнер зборнай Кувейта Жорван Віейра заявіў, што галасаваў за Ібрагімавіча, а згодна з FIFA ён галасаваў (у парадку ўбывання) за Месі, Неймара і Раналду. Настаўнік каманды Фіджы Хуан Карлас Бузэці сцвярджае, што галасаваў за Раналду, Месі і Рыберы, але не за Левандоўскі. А вось галоўнаму трэнеру албанцаў прыпісваюць, быццам ён аддаў першае месца Ібрагімовічу, хоць насамрэч ён даў пяць балаў Раналду.
Нагадаем, што ў панядзелак, 13 студзеня, адбылася цырымонія ўручэння ўзнагарод найлепшым гульцам году “Залаты мяч 2013”. Футбалістам нумар адзін прызнаны Крышціану Раналду.