Сем'і работнікаў літоўскага санаторыя "Беларусь" пагражаюць масавай галадоўкай

Сем'і работнікаў літоўскага санаторыя "Беларусь" пагражаюць масавай галадоўкай

Супрацоўнікі літоўскага санаторыя "Беларусь", які трапіў пад чанкцыі ЕС, зладзілі акцыю пратэсту. Зранку 6 траўня калона іх аўтамабіляў аб'язджае дзяржустановы ў Вільні. Пратэст падтрымала Літоўская канфедэрацыя прафсаюзаў, піша delfi.lt. 

Санаторый "Беларусь" трапіў пад санкцыі ЕС, скіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі, напрыканцы 2020-га. Ён належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, унесенаму ў санкцыйны спіс Еўрасаюза, таму яго рахункі былі заблакаваныя.

Пратэстоўцы плануюць аб'ехаць урад, прэзідэнцкі палац, МЗС, будынак Swedbank, парламент. "Каля кожнай кропкі мы спынімся і будзем сігналіць. Мы пратэстуем супраць самаўпраўнасці МЗС Літвы. Мы патрабуем, каб МЗС у першую чаргу прызнаў сваю віну, а не хаваўся за спіной Swedbank. Апошні дакумент, які мы атрымалі ад дэпутата Броніса Ропе, даказаў, што санаторый ні ў якія спісы не ўключаны, за ўжыванне санкцый адказвае МЗС", — кажа лідар прафсаюза работнікаў санаторыя Вітаўтас Чэсна

Супрацоўнікі санаторыя не атрымліваюць заробак са студзеня 2021 года. У гэтай сітуацыі яны вінавацяць МЗС Літвы і пагражаюць масавай галадоўкай, у якой прымуць удзел 400 сем'яў работнікаў санаторыя. "Калі ўлады не звернуць увагі на наш пратэст, значыць, яны хочуць, каб людзі галадалі. Калі яны хацелі, каб людзі галадалі, у наступны раз мы збярэмся каля МЗС, 400 сем'яў, і аб'явім галадоўку", — заяўляе Чэсна.

Прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі прафсаюзаў Інга Ругінене таксама мяркуе, што санкцыі ўведзеныя па віне МЗС Літвы: "МЗС нам доўга казаў, што гэта не яны прызначылі санкцыі, што гэта ўказ з ЕС. Мы звярнуліся ў Еўрапейскую канфедэрацыю прафсаюзаў, каб высветліць увесь механізм. Нам далі ясны адказ: толькі краіна вырашае, якія санкцыі і ў дачыненні да каго ўжываць. Значыць, хтосьці хлусіць, рашэнне было ў руках МЗС".

Яна падкрэслівае, што большасць супрацоўнікаў санаторыя — літоўцы. Да таго ж, усе атрыманыя ў санаторыі сродкі ідуць на заробкі і падаткі, а не прыбытак. 

Ругінене кажа, што звольненыя супрацоўнікі санаторыя не змогуць знайсці сабе працу ў Друскеніках. "Хто з нас цяпер хацеў бы пазбавіцца працы і жылля? Гэта ж сем'і з дзецьмі, гэта вялікая сацыяльная катастрофа, яны проста хочуць працаваць. І яны кажуць: добра, не рэжым, хай нехта іншы пераймае санаторый, тады людзі змогуць працаваць", — заяўляе прафсаюзны лідар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі