Чэхія можа прызнаць КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм
Будынак КДБ / Еўрарадыё
8 лютага Камітэт па замежных справах, абароне і бяспецы Сената Чэхіі прыняў праект рэзалюцыю аб рэпрэсіях з боку рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасці. КДБ і ГУБАЗіК могуць быць прызнаныя арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм, паведамляе Павел Латушка. Галасаванне ў Сенаце адбудзецца 15 лютага.
Па словах палітыка, гэтаму рашэнню папярэднічала планамерная праца юрыстаў і дыпламатаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўніцтва Аб'яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады.
У праекце рэзалюцыі гаворыцца, што рэжым выкарыстоўвае КДБ і ГУБАЗіК для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі. Таксама гаворыцца, што названыя арганізацыі ўчынілі акт дзяржаўнага тэрарызму і нападу на дэмакратыю, свабоду слова і еўрапейскі суверэнітэт, калі прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair і затрымалі Рамана Пратасевіча і Соф'ю Сапегу. Вышэйшыя прадстаўнікі беларускага рэжыму называюцца саўдзельнікамі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. У дакуменце канстатуецца, што нязгода з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны сёння ў Беларусі лічыцца злачынствам. Таксама ў пастанове згадваюцца закрытыя беларускія суды, амаль 1450 палітвязняў, да якіх не маюць доступу ні іх блізкія, ні дыпламаты.
З улікам усяго гэтага Сенат Чэхіі парэкамендуе ўраду краіны накласці санкцыі на супрацоўнікаў карных структур КДБ і ГУБАЗіК і абвясціць арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.
У снежні 2022-га аналагічную рэзалюцыю па Беларусі і заклік прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі прыняў Сейм Літвы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.