Сепаратысты паклалі тварам на асфальт галоўнага дэсантніка Украіны
Толькі сёння стала вядома, што ў Краматорску знаходзіліся трое ўкраінскіх закладнікаў.
Сепаратысты ўтрымлівалі камандуючага Паветрана-дэсантнымі войскамі палкоўніка Аляксандра Швеца, яшчэ аднаго афіцэра і кантрактніка. Як паведамляе сайт censor.net.ua са спасылкай на прэс-службу Мінабароны Украіны, "палкоўнік Аляксандр Швец выступіў гарантам невыкарыстання зброі дэсантнікамі супраць мясцовых жыхароў на ўскраіне Краматорска, якіх выкарысталі ўзброеныя экстрэмісты ў якасці жывога шчыта".
Гаворка ідзе пра раззбраенне калоны ўкраінскіх дэсантнікаў у сераду. Як вядома, іх збіраюцца аддаць пад трыбунал, а часць — расфармаваць. Ці патрапіць пад трыбунал і Швец, пакуль невядома.
Падчас вызвалення палкоўніка і яшчэ дваіх вайскоўцаў сепаратысты прапаноўвалі ім перайсці на іх бок. Тыя адмовіліся. Пасля гэтага вайскоўцаў пачалі абражаць і збіваць. Швеца і іншых "паклалі тварам на зямлю". Цяпер украінскія вайскоўцы ўжо на волі.
Пра тое, як дзейнічаў палкоўнік Швец падчас расстрэлу сепаратыстамі афіцэраў СБУ, гл. тут.
Фота — vdv-crimea.org.ua