Севярынец заклікае ЕС вызваляць палітвязняў праз хакейны чэмпіянат
Сустаршыня БХД лічыць, што прымусіць улады вызваліць палітвязняў можа толькі пагроза нашкодзіць любімай цаццы Лукашэнкі.
Шантажаваць Аляксандра Лукашэнку пагрозай зрыву чэмпіянату свету па хакеі, калі на свабоду не выйдуць усе палітвязні, заклікаў еўрапейскіх палітыкаў сустрашыня БХД Павел Севярынец. Прапанова прагучала падчас “Слуханняў па сітуацыі з правамі чалавека” ў Сейме Літвы за дзень да пачатку саміту Усходняга партнёрства — 27 лістапада.
Севярынец: “Для Лукашэнкі больш значным за саміт (Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. – Еўрарадыё.) з’яўляецца чэмпіянат свету па хакеі, які будуць праводзіць з 9 па 25 траўня наступнага года. І ён хоча паказаць, што сённяшняя Беларусь — гэта еўрапейская краіна, ён хоча зарэтушаваць свой імідж апошняга дыктатара Еўропы. Думаю, што за тыя месяцы, якія засталіся да чэмпіянату, еўрапейскія палітыкі могуць задзейнічаць усе рычагі ўплыву і проста сказаць Лукашэнку: “Хочаш, каб чэмпіянат свету па хакеі праходзіў без эксцэсаў, хочаш сваю цацку — вызваляй палітвязняў!” Пры любой магчымасці неабходна на гэтым настойваць”.
Па словах Севярынца, беларускі рэжым пастаянна ўтрымлівае за кратамі “крытычную масу” палітвязняў. Калі цягам апошніх трох месяцаў на свабоду выйшлі тры (Дашкевіч, Францкевіч і сам Севярынец), то іх месца адразу занялі іншыя “ахвяры рэжыму” — Уладзімір Яроменак, Васіль Парфянкоў і ксёндз Лазар. Такім чынам, лічыць Севярынец, улады трымаюць у страху пэўныя сацыяльныя групы незадаволеных беларускім рэжымам грамадзян.
У слуханнях бяруць удзел дэпутаты літоўскага сейма, беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы, сваякі беларускіх палітзняволеных, замежныя дыпламаты.
Фота: Змітра Лукашука