Шарэпка: Відаць, будзем у будучыні адыходзіць ад электроннай рэгістрацыі
Што будзе замест яе і чаму не атрымоўваецца перамагчы нашых хакераў, Еўрарадыё распавядае амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка.
Еўрарадыё: Тры тыдні таму вы распавялі, што збіраецеся ў Варшаву, дзе будзеце шукаць сродкі супраць беларускіх хакераў, што перахопліваюць анкеты электроннай рэгістрацыі віз у польскім консульстве. Знайшлі выйсце?
Лешак Шарэпка: Тут не будзе хуткіх адказаў. Мы, відаць, будзем у будучыні адыходзіць ад электроннай рэгістрацыі. І спрабаваць нешта іншае зрабіць, накшталт кол-цэнтраў. Але гэта вымагае вялікай тэхнічнай падрыхтоўкі. Ведаеце, пры такіх маштабах і колькасці віз гэта не так лёгка зрабіць. Карацей, мы думаем над тым, каб аблегчыць працэс атрымання польскай візы, але лёгка гэта зрабіць не ўдасца. Зараз мы вырашаем, які варыянт прымяніць, які будзе найбольш эфектыўна працаваць. Мы не забыліся пра гэтую праблему з рэгістрацыяй.
Еўрарадыё: Можа, ужо зараз ёсць сэнс часова адмовіцца ад электроннай рэгістрацыі, калі ўсе анкеты ўсё адно перахопліваюць хакеры?
Лешак Шарэпка: Не ўсе. У асобных консульствах мы зрабілі падзел па катэгорыях: шопінг, культура, спорт, “віпы”, нейкая палітычная дзейнасць. І ёсць ліміты ў пэўных катэгорыях. А гэта ўжо хакерам ускладніць жыццё, бо звычайна найбольшы попыт на шопінг. Але калі б мы цалкам адмовіліся ад электроннай сістэмы, то чэргі толькі выраслі б. Бо працавалі б значна павольней. І ўсё гэта пры тым попыце на візы, які зараз ёсць!
Еўрарадыё: У інтэрв’ю Еўрарадыё кіраўнік беларускага Упраўлення “К” выказаў папрок у адрас польскай амбасады: калі б вы перадалі тэхнічную інфармацыю сваіх камп’ютарных сістэм і праграм, то яны б здолелі вам падказаць, як перамагчы хакераў. Чаму вы не спяшаецеся супрацоўнічаць з нашымі праваахоўнікамі?
Лешак Шарэпка: Мы сапраўды атрымалі паперу з Міністэрства ўнутраных спраў, я яе прачытаў. З гэтымі праблемамі і з гэтымі парадамі, што нам даюць, нашы спецыялісты і самі могуць справіцца. Мы прасілі беларусаў, каб яны больш актыўна працавалі з тымі пасярэднікамі, якія дзейнічаюць перад нашымі консульствамі. Іх лёгка можна знайсці і перашкодзіць іх працы. Гэта была наша галоўная просьба — каб заняліся людзьмі, што працуюць перад нашымі консульствамі, прымаюць заказы і выконваюць працу пасярэднікаў за грошы. А тэхнічныя характарыстыкі нашых сістэм тут ні пры чым, я думаю.
Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што польскія консульствы сталі ставіць доўгатэрміновыя візы на меншы тэрмін: не на год, а на 3-6 месяцаў. Чаму так робіцца?
Лешак Шарэпка: Паводле маёй інфармацыі колькасць доўгатэрміновых віз павялічваецца пастаянна. Хаця я не выключаю, што такое здараецца, але гэта нейкія індывідуальныя выпадкі.
Фота: Змітра Лукашука