Шайгу прыгразіў, што Расія адкажа на размяшчэнне дывізіі ЗША ў Польшчы
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу раскрытыкаваў планы Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую дывізію. Па словах Шайгу, якія перадае ТАСС, Расія будзе вымушаная прымаць меры ў адказ. Пра гэта ён заявіў у сераду на сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Беларусі і Расіі.
Расійскі міністр заявіў, што размяшчэнне дывізіі ЗША ў Польшчы не спрыяе захаванню стабільнасці і ўмацаванню рэгіянальнай бяспекі. "У гэтых умовах мы вымушаныя прымаць меры ў адказ і павінны быць гатовыя нейтралізаваць магчымыя ваенныя пагрозы на ўсіх напрамках", — дадаў ён.
Раней з'явілася інфармацыя, што Польшча плануе вылучыць ад 1,5-2 млрд долараў на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі адной амерыканскай бранятанкавай дывізіі альбо раўнацэннага вайсковага злучэння. Афіцыйная Варшава гатовая пабудаваць усю неабходную для пастаяннай базы інфраструктуру, у тым ліку палігоны, казармы і дамы для сем'яў вайскоўцаў, школы для іх дзяцей і лякарні.