Школа, дзе працаваў затрыманы Алімкін: Быў ціхі, спакойны, думкамі не дзяліўся
Затрыманы аўтар антыбеларускіх матэрыялаў на расійскіх сайтах Дзмітрый Алімкін вартаваў 13-ю брэсцкую школу тры гады. У адміністрацыі навучальнай установы яго называюць спакойным і адказным супрацоўнікам.
Супрацоўніца школы: “Ніякіх нараканняў да яго не было. У яго, здаецца, тры вышэйшыя адукацыі. Выконваў па працы ўсё, што мусіў. Ён не п’е. Працаваў ён уначы, быў зусім спакойны, дзяжурыў ён адзін. Гэта дзіўна ўсё”.
Раней Дзмітрый Алімкін працаваў у Белдзяржстраху. Пісаў матэрыялы на расійскія сайты пад псеўданімам Ала Бронь. Яго і выкладчыка БДУІРа Юрыя Паўлаўца падазраюць у распальванні расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варажнечы. Абодва затрыманыя і знаходзяцца пад вартай. Прыкметы экстрэмізму у іх матэрыялах выявіла Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі.