Школьніцу заціснула ў мікрааўтобусе пры ДТЗ пад Докшыцамі
Зранку 27 чэрвеня каля 8-й гадзіны ў Докшыцкім раёне паміж вёскамі Порплішча і Сітцы адбылося ДТЗ, у якім пацярпела школьніца, паведамляе прэс-служба МНС.
Кіроўца мікрааўтобуса "Форд-Транзіт" не справілася з кіраваннем. "Бусік" з'ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва. Пры аўтааварыі ў салоне апынулася заблакаванай 16-гадовая пасажырка.
Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, дэблакавалі школьніцу з дапамогай гідраўлічнага аварыйна-выратавальнага абсталявання. Дзяўчыну перадалі медыкам, якія даставілі яе ў Докшыцкую цэнтральную раённую лякарню. Пасля медагляду школьніцу адпусцілі дадому.