Шматдзетнаму бацьку прысудзілі 3 гады калоніі за 2 камяні, кінутыя на дарогу
Суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіў 45-гадоваму Віктару Сядову тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі прысуд вынесла суддзя Анастасія Ляйкоўская. Мужчыну судзілі па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
Сядоў — інжынер па наладцы харчавання, у яго тры дачкі. У ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года ён быў каля гандлёвага цэнтра "Рыга" ў Мінску. Абвіначанне сцвярджае, што мужчына будаваў барыкады і кінуў на дарогу два камяні. Яго затрымалі праз два месяцы пасля падзеяў.
На судзе Сядоў сказаў, што з цікаўнасці прыйшоў паглядзець што адбываецца. Адзін камень ён паклаў на праезную частку, а другі кінуў у бок пустой дарогі.
"Хачу сказаць, што па жыцці я чалавек мірны. Я не адмаўляю учыненых мной учынкаў. Што здзейсніў, то здзейсніў. Па жыцці я выступаю за мірнае вырашэнне ўсіх канфліктных сітуацый. І ў палітычнай сітуацыі таксама выступаю за мірнае вырашэнне ўсіх узніклых спрэчных сітуацый. На жаль, у той вечар я не змог стрымаць сваіх эмоцый, не стрымаў сябе ў руках. Хачу папрасіць прабачэння ў сваёй сям'і, дзяцей. Прабачце мне, у той момант я пра вас не падумаў. Спадзяюся, з Божай дапамогай вы зможаце выжыць без мяне. Сваю віну прызнаю, раскайваюся ў зробленым. Прашу строга не караць", — цытуе TUT.by апошняе слова Сядова на судзе.
У грамадзянскім судзе будзе яшчэ разглядацца пазоў "Мінсктранса" да Сядова.
Праваабаронцы прызналі мужчыну палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.