Шорац: Мы, напэўна, не будзем будаваць касцёл у скверы Катоўка
Улады Мінска адмовіліся ад будаўніцтва касцёла ў сталічным скверы Катоўка. Пра гэта 21 снежня заявіў кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.
"З майго пункту гледжання, гэтае пытанне надуманае. Калі вы там былі, то маглі ўбачыць, што гэта сквер у прыватным сектары, які з'яўляецца элементам пешаходных сувязяў, пракладзеныя дарожкі і хтосьці там гуляе, кажа, што часта. Але, паверце, адмысловага экалагічнага значэння, з майго пункту гледжання, ён не мае", — цытуе БелаПАН словы Шорца.
Чыноўнік выказаў меркаванне, што наяўнасць касцёла дазволіла б упарадкаваць сквер. Але паколькі экаактывісты і мясцовыя жыхары выступілі супраць гэтай прапановы, то працы былі прыпыненыя. "Напэўна, нічога там будаваць не будзем. Мы папросім або прапануем гэтай экалагічнай арганізацыі, якая арганізоўвала там людзей супраць зносу, актыўна прыняць удзел у добраўпарадкаванні гэтага сквера: узяць рыдлёўкі і яшчэ штосьці ды паказаць, што яны акрамя прыгожай карцінкі на камеру могуць яшчэ працаваць сваімі рукамі і рабіць нешта, што ўпрыгожыць той раён", — прапанаваў кіраўнік Мінгарвыканкама.
Шорац заклікаў экаактывістаў узяць шэфства над Катоўкай і зрабіць "еўрапейскі прыгожы парк за еўрапейскія грошы, якія яны атрымліваюць".
Новая пляцоўка для пабудовы касцёла цяпер вывучаецца, каб яна была зручная для вернікаў гэтай парафіі.
Нагадаем, што ў сталічным скверы Катоўка планавалася пабудаваць касцёл. Для гэтага меркавалася высечы 10% дрэваў. Замест гэтага касцёльныя ўлады абяцалі пасадзіць удвая большую колькасць дрэваў і ўпарадкаваць сквер.
Мясцовыя жыхары і экаактывісты выступілі на абарону парку, бо палічылі, што праект патрабуе дапрацоўкі.