Шпіёнскі скандал заблакуе бізнес паміж ЕС і ЗША?

Пасля скандалу, звязанага з праслухоўваннем тэлефона канцлера Германіі Ангелы Меркель, прэзідэнт ЗША Барак Абама заклікае перагледзець дзейнасць Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША (NSA).
 
“Мы ўказваем ім кірунак дзейнасці. Але на працягу некалькіх апошніх гадоў мы бачым, што іх патэнцыял павялічваецца. Таму цяпер я ініцыюю перагляд іх дзейнасці”, — заявіў 28 кастрычніка ў інтэрв’ю ABC News амерыканскі прэзідэнт. На пытанне, як шмат ён ведаў пра шпіянаж з боку NSA, ён не адказаў.
 
Але давер паміж Еўропай і ЗША падарваны. Збор звестак пра грамадзян і нават лідараў еўрапейскіх краінаў больш за ўсё абурыў, хіба, немцаў. Скандал з праслухоўваннем тэлефона Ангелы Меркель увогуле можа заблакаваць перамовы аб вольным гандлі паміж ЕС і ЗША. Але, калі гаворка заходзіць пра бізнес, звычайна пераважае прагматычны падыход.
 
“Я не думаю, што мы мусім прыпыніць перамовы аб вольным гандлі. Бо мы такім чынам стрэлім сабе ў нагу. Ёсць мільярды магчымасцяў для бізнесу па абодва бакі Атлантыкі. Пагадненне аб вольным гандлі, якое запатрабавана ўжо шмат гадоў, не мусіць станавіцца “закладнікам”, — кажа Крысціян Эхлер, які ўзначальвае еўрапейска-амерыканскую парламенцкую групу ў Еўрапарламенце. 
 
Нямецкае выданне Der Spiegel сцвярджае, што ЗША выкарыстоўваюць 80 сваіх амбасадаў як станцыі для праслухоўвання размоваў. 
 
Der Spiegel: “Каманды SCS [падраздзяленне NSA. — заўв. Еўрарадыё] акрэдытаваныя як дыпламаты, а таму карыстаюцца спецыяльнымі прывілеямі. Каманда мае абсталяванне, неабходнае для праслухоўвання практычна ўсіх папулярных метадаў камунікацыі: мабільнай, бяздротавага інтэрнэту, спадарожнікавай сувязі”.
 
У Еўропе сачэннем, паводле Der Spiegel, займаецца 19 амбасад. Сярод іх дыпламатычныя місіі ў Парыжы, Мадрыдзе, Рыме, Жэневе і нават Варшаве. Пасля таго як стала вядома, што амерыканскія спецслужбы праслухоўваюць тэлефон Ангелы Меркель, ад амерыканскіх амбасадараў у Германіі, Францыі і Іспаніі запатрабавалі тлумачэнняў. 
 
А прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц не супраць канкрэтнымі дзеяннямі намякнуць ЗША на магчымае пагаршэнне адносінаў з Еўропай. Ён гатовы часова прыпыніць пагадненне SWIFT, якое рэгулюе абмен дадзенымі з мэтай выкрыцця магчымых тэрарыстаў. На яго думку, гэта будзе выразны сігнал, што ЗША мусяць нешта зрабіць, каб узнавіць давер.
 
Фота: euronews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі