Што падаражэе праз 30% камісіі, якую бяруць пры набыцці валюты?

19 снежня выходзіць пастанова Нацбанка — за продаж валюты з 20 снежня банкі будуць браць 30% камісію.

Ля абменнікаў утвараюцца чэргі. Пятніца, якую многія назвалі “чорнай”, — апошні дзень, калі набыць долары і еўра яшчэ можна без камісіі.

“Мне толькі 20 долараў набыць. Гаспадыня кватэры сказала, каб толькі ў доларах плацілі за кватэру”, — уздыхае жанчына ля абменніка.

Арэнду жылля большасць беларусаў аплачвае у доларах. Гаспадар кватэры атрымае тыя ж, да прыкладу, 300 долараў на кватэру. А вось для таго, хто жыллё здымае арэнда вырасце адразу на 30%. То бок лішні мільён з 300 долараў пойдзе ў бюджэт Беларусі з кішэні арандатара. Натуральна, акрамя выпадкаў, калі ветлівы гаспадар і арэндадаўца не дамовяцца аб разліках у рублях.

Многія яшчэ не ведаюць пра новаўвядзенне. Змітру, які стаіць ля абменніка “Беларусбанка” ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” ідэя ў 30% камісіі падаецца… добрай.

“Магчыма, гэта і добра, не будзе такога ажыятажу і такога ціску”, — мяркуе мужчына. Сёння ён стаіць з самай раніцы ў абменніку, за чатыры гадзіны набыў каля 1,5 тысячы долараў.

Падаражэюць страхоўкі для выязджаючых за мяжу. Набыць “зялёную картку” для выезду на аўто ў зону шэнген можна толькі за валюту.

“Мы бяром плацяжы за страхоўку толькі ў валюце. Мы не набываем ў вас валюту”, — кажуць у страхавых кампаніях. То бок, каб набыць страхоўку, давядзецца ісці ў абменнік і набываць долары ці еўра з 30%-м зборам. Адпаведна “зялёная карта” падаражэе адразу на траціну.

Як прагназуюць эксперты, 30% камісіі на валюту — гэта аўтаматычнае падаражанне ўсіх імпартных імпартных тавараў, бо закупка ідзе менавіта ў валюце. Адсюль вырастуць кошты на імпартную тэхніку, каву, аўтазапчасткі як мінімум на 30%. А магчыма і больш, калі прадаўцы закладуць і свае рызыкі. Зараз у сталічных крамах пачаўся хапун — людзі змятаюць з паліц тэлевізары ды камп’ютары.

Ужо цяпер інтэрнэт-крамы пералічваюць кошты па курсу долара — 16000 рублёў за долар. Многія сайты інтэрнэт-крам і крамы тэхнікі закрытыя “па тэхнічных прычына”. Яны праводзяць пераацэнку.

У пунктах продажу авіябілетаў распавядаюць Еўрарадыё, што білеты пакуль не падаражалі. На момант публікацыі матэрыяла прэс-сакратар Нацыянальнай кампаніі “Белавія” Ірына Баранава кажа, што пакуль усе разлікі будуць без 30% камісій. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі