Што перашкаджае ЕС аператыўна рэагаваць на гвалт ва Украіне?
Зацягванне ўвядзення санкцый супраць украінскіх уладаў эксперты тлумачаць бюракратызмам ды аглядкай на Расію.
Амаль тры месяцы доўжацца пратэсты ва Украіне. “Беркут” “зачышчае” Майдан, дзясяткі забітых, а кіраўнікі МЗС краін ЕС толькі збіраюцца “гаварыць пра магчымыя санкцыі” супраць украінскіх уладаў. Чаму ЕС рэагуе на падзеі так павольна і ці на ўсе канфлікты ён так адгукаецца?
Галоўны каардынатар праграм па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Фонду Маршала Ёрг Форбрыг упэўнівае: гэтак жа ЕС рэагаваў і на канфлікты ў Егіпце ды Тунісе.
Ёрг Форбрыг: “Вельмі павольна рэагаваў Еўрасаюз і ў тых сітуацыях вельмі драматычных. Еўрасаюз заўжды рэагуе вельмі павольна — тут нічога новага. У ЕС усё вырашаецца усімі краінамі, а да гэтага ўсе 28 краін не могуць вызначыцца наконт агульнай палітыкі ў дачыненні да Украіны. Ёсць тыя, хто хоча санкцый, і ёсць тыя, хто вельмі асцярожна ставіцца да санкцый”.
Вінаватая ў такой павольнасці прыняцця рашэнняў, упэўнены Ёрг Форбрыг, найперш “цяжкая бюракратычная машына”. Тым не менш ён прызнае: у ЕС ёсць шэраг моцных палітычна і эканамічна краін, якія падтрымліваюць ідэю ўвядзення санкцый: Польшча, Германія, Швецыі. Але…
Ёрг Форбрыг: “Мне не зусім зразумела, чаму гэта група краін да гэтага часу не здолела націснуць больш моцна, каб з’явілася афіцыйная палітыка на ўсходнім накірунку”.
Нават з улікам “цяжкой бюракратычнай машыны” ў Еўрасаюза было дастаткова часу, каб вызначыць сваю пазіцыю па Украіне, не згодны з калегам эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас.
Аркадзь Мошас: “Пачынаючы з першых дзвюх спроб Майдану ў канцы лістапада — у пачатку снежня і, у любым выпадку, пасля прыняцця законаў 16 студзеня, якія прадэманстравалі рэальныя намеры ўлады і планы дзеянняў улады, у Еўрапейскага саюза было дастаткова часу для выпрацоўкі сваёй пазіцыі”.
Чаму ж не выпрацавалі?
Аркадзь Мошас: “За гэтай “нерашучай пазіцыяй” стаіць няўзгодненасць інтарэсаў дзяржаў, кампаній і нават асобных уплывовых асоб у Еўропе, якім выгадней было працягваць бізнес з Украінай нягледзячы ні на што”.
Калі трэба, Еўрасаюз умее рэагаваць хутка, насуперак любой бюракратычнай машыне, упэўнены былы намеснік міністра замежных спраў Украіны Валерый Чалы.
Валерый Чалы: “Калі трэба, Еўрасаюз прымае рашэнні хутка. Магчыма, прычына ў тым, што і ў Германіі азіраюцца на Расію. У надзеі, што менавіта Расія возьме патранат над стабільнасцю сітуацыі ва Украіне, Уладзімір Пуцін заплаціць абяцаныя мільярды і ўсё будзе добра і спакойна для Еўропы. Гэта ілюзіі!”
Тым не менш сёння віцэ-прэзідэнт Еўрапарламенту Яцэк Сарыюш-Вольскі кажа пра магчымыя санкцыі супраць Украіны. Гэта пытанне 20 лютага разгледзяць кіраўнікі МЗС краін ЕС. Ці будзе карысць ад увядзення санкцый супраць украінскай улады зараз?
Валерый Чалы: “Занадта позна казаць не тое што пра магчымасць санкцый, але нават і пра самі санкцыі — зараз гэта будзе не больш чым маральная падтрымка ўкраінскага народа”.
З ім згодны эксперт Фінскага інстытута Аркадзь Мошас.
Аркадзь Мошас: “Вопыт санкцый у адносінах да Беларусі паказвае, што, найперш, гэтыя санкцыі не эфектыўныя. Па-другое, яны да такой ступені няўзгодненыя, мікраскапічныя і фармальныя, што ўкраінская кіраўніцтва проста гэтага не баіцца”.
“Ніколі не бывае надта позна, — не пагаджаецца Ёрг Форбрыг. — Сітуацыя ва Украіне можа яшчэ больш пагоршыцца. І таму менавіта зараз неабходны вельмі моцны сігнал з боку Еўрасаюза. А санкцыі могуць быць такім сігналам”.
Калі імгненна не прыняць рашэнне па сітуацыі ва Украіне, папярэджвае Валерый Чалы, то ўлады пойдуць на далейшую эскалацыю канфлікту і на мяжы з Еўрасаюзам з’явяцца тысячы ўцекачоў.
Фота: Змітра Лукашука, www.ntv.ru