Што такое SWIFT і чаго адключэнне ад сістэмы будзе каштаваць Беларусі?
З картамі Visa і Mastercard могуць узнікнуць праблемы / Чай з малінавым варэннем
Аб адключэнні Беларусі ад міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT сёння гавораць як аб магчымым спосабе ціску на ўлады краіны. Увечары 3 снежня платформа "Голас" запусціла апытанне, каб даведацца пра стаўленне беларусаў да гэтай тэмы. Адначасова ў сацсетках пачаліся сур'ёзныя спрэчкі аб тым, ці трэба звяртацца да такой жорсткай меры.
Пры гэтым поўнага разумення аб тым, што такое SWIFT і чаго адключэнне сістэмы будзе каштаваць Беларусі, у большасці тых, хто спрачаецца, няма. Еўрарадыё тлумачыць гэта простымі словамі.
Што такое SWIFT?
Простымі словамі, SWIFT — структура, якая дапамагае бяспечна і аператыўна праводзіць аперацыі паміж банкамі. Да яе падключаныя больш за 11 тысяч фінансавых арганізацый з дзвюх соцень краін свету.
Зразумела, SWIFT — гэта не нешта "разлітае ў паветры". Гэта прыватная арганізацыя, штаб-кватэра якой размешчана ў Бельгіі, недалёка ад Бруселя. Таму рашэнні Рады Еўрасаюза і Бельгіі кампанія абавязаная выконваць.
Ці рэальна адключыць краіну ад SWIFT?
Тут варта патлумачыць: ад сістэмы адключаецца не краіна, а банкі. Гэта значыць, павінны быць уведзеныя санкцыі менавіта ў дачыненні да беларускіх фінарганізацый — напрыклад, Беларусбанка і Белаграпрамбанка.
Свет ведае прыклады адключэння банкаў канкрэтных краін ад SWIFT: у Паўночнай Карэі і Іране. У КНДР сістэма не працуе дагэтуль.
Многія эксперты адзначаюць: ад сістэмы не адключаліся банкі, напрыклад, Расіі — нягледзячы на заклікі шэрагу заходніх краін. Зрэшты, тут ёсць нюанс: супраць расійскіх банкаў не былі ўведзеныя санкцыі, то-бок усё абмежавалася заклікамі. Не адключаны SWIFT і для банкаў шэрагу іншых краін, у якіх відавочныя праблемы з дэмакратыяй. Але на гэтым раней ніхто і не настойваў.
Што будзе, калі банкі Беларусі адключаць ад SWIFT?
Гэта залежыць ад таго, якая колькасць банкаў будзе адключана. Санкцыі могуць быць выбіральнымі: напрыклад, у дачыненні да самых значных, сістэмных банкаў. У Беларусі ў гэты спіс уваходзяць Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Белгазпрамбанк, БПС-Банк, Прыёрбанк, БелВЭБ і Белінвестбанк.
Могуць быць уведзеныя санкцыі ў дачыненні да аднаго-двух банкаў, могуць — у дачыненні да ўсіх. Аднак у любым выпадку гэта стане моцным ударам па эканоміцы.
У першую чаргу, праблемы паўстануць пры разліках у валюце. Груба кажучы, МТЗ не зможа імпартаваць з-за мяжы запчасткі. "Выкруціцца" можна будзе з дапамогай Расіі, карыстаючыся яе сістэмай. Але здзяйсняць разлікі з іншымі краінамі стане немагчыма.
Без валютных аперацый застануцца і беларусы-кліенты банкаў, якія трапілі пад санкцыі. Гэта значыць, што ў іх знікне магчымасць купіць падпіску на Netflix, аплаціць тавар на Aliexpress або перавесці грошы сваякам за мяжу.
Унутраных разлікаў у беларускіх рублях адключэнне ад SWIFT закрануць не павінна. Дагэтуль невядома дакладна, ці змогуць пры гэтым беларусы карыстацца Visa і Mastercard, аднак "Белкарт" працаваць будзе абсалютна дакладна. Таму казаць аб тым, што без сістэмы беларусы не змогуць атрымліваць зарплаты або пенсіі, няправільна.
Дык а адключаць нашы банкі ад SWIFT наогул будуць?
У выпадку ўхвалення такога кроку па выніках апытання на "Голасе" каманда Святланы Ціханоўскай можа паспрабаваць ініцыяваць падобныя санкцыі з боку краін Захаду.
Для гэтага спатрэбіцца рашэнне Савета ЕС і, пажадана, воля Белага дома, які мае вялікі ўплыў на SWIFT. Калі ідэя адключэння банкаў краіны ад сістэмы будзе падтрыманая Брусэлем і Вашынгтонам, кампанія павінна будзе гэта выканаць.
Далей усё залежыць толькі ад перамоў палітычных актараў. Мы ўжо згадвалі, што да сістэмы па-ранейшаму падключаныя банкі многіх аўтарытарных краін. Ці пойдуць ЕС і ЗША на такі ўзровень санкцый — пакуль вялікае пытанне.
Гэта назаўсёды?
Нават калі падобныя санкцыі будуць уведзеныя, працэс адключэння банкаў ад сістэмы зойме некаторы час — гэта не робіцца за адну хвіліну. Акрамя таго, як мы памятаем, гаворка можа ісці і аб адключэнні толькі дзяржаўных банкаў.
"Уключыць" банкі назад у SWIFT можна, пытанне толькі — у які момант гэта рабіць. Аднак і гэта прадмет перамоў паміж палітыкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.